Артыкулы: «Пісцовая кніга Пінскага і Клецкага княстваў»

«Пісцовая кніга Пінскага і Клецкага княстваў» («Писцовая книга Пинского и Клецкого княжеств, составленная пинским старостою Станиславом Хвальчевским в 1552—1555 г.»), дакументацыя валочнай памеры сярэдзіны 16 ст. ў Пінскім і Клецкім княствах каралевы польскай і вял. княгіні літоўскай Боны, выдадзеная Віленскай археаграфічнай камісіяй у 1884. Арыгінальная назва «кнігі», якая захоўвалася ў Віленскім цэнтр. архіве стараж. актаў — «Рэестр памеры зямель на валокі паветаў і таксама княстваў Пінскага, Клецкага...». Валочная памера праведзена па загадзе Боны старастам бел. уладанняў каралевы С.Хвальчэўскім, непасрэднымі яе выканаўцамі былі Я.Гарэцкі і мернікі Я.Дыбоўскі і Б.Міхновіч. Новымі адзінкамі вымярэння (валокамі, маргамі, прутамі) былі перамераны гар. землі — вулічныя пляцы, агароды, палявыя надзелы — у Пінску, Моталі, Нобелі, Клецку, Сіняўцы, землі велікакняжацкіх двароў і сёл Пінскага і Клецкага княстваў (паветаў), Вядскай воласці. Пералічаны сял. гаспадаркі з пазначэннем прозвішчаў гаспадароў і памерамі зямельных надзелаў. У большасці выпадкаў межы надзелаў мяшчан і сялян засталіся ранейшымі. У час памеры зроблена ацэнка якасці зямлі, вызначаны адпаведныя павіннасці розных катэгорый насельніцтва (мяшчан, сялян, бортнікаў, баброўнікаў, служылых татараў і інш.). Асобна ў «Рэестры» вылучаны раздзелы з апісаннем замены некаторых зямель правасл. і каталіцкіх святароў і шляхты на гаспадарскія землі, праведзенай для ліквідацыі цераспалосіцы. «Рэестр» — адзін з першых дакументаў аб правядзенні валочнай памеры на Беларусі, з’яўляецца каштоўнай крыніцай для даследавання гаспадарчай гісторыі, гіст. геаграфіі, этнаграфіі, анамастыкі. «Рэестр» надрукаваны на мове арыгінала (польскай). Выданне забяспечана прадмовай К.І.Сніткі, дзе дадзена характарыстыка помніка і валочнай памеры ў ВКЛ; ёсць імянны, геаграфічны і прадметны паказальнікі.

Літаратура:

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.