Артыкулы: Пронскія

Пронскія, княжацкі род у ВКЛ і Расіі. Паходзілі ад Рурыкавічаў, уладальнікаў г. Пронск (адсюль прозвішча). Страцілі Пронск да 1483, калі ён ужо быў у складзе Разанскага княства (з 1521 у Вял. княстве Маскоўскім). Найб. вядомыя:

Іван Уладзіміравіч (?—каля 1430), уладальнік Пронска. У 1408 з дапамогай татараў на некаторы час захапіў пасад Разанскага княства. У 1427 разам з разанскім князем прызнаў вяршэнства вял. князя літоўскага Вітаўта і прысягнуў яму на вернасць («дался ему в службу... служити ему верно безо всякия хитрости»). Меў сыноў Фёдара, Івана (мянушка Нялюб), Андрэя (мянушка Сухарукі); дачку ў 1416 выдаў замуж за Івана, сына вял. князя маскоўскага Васіля Дзмітрыевіча.

Дзмітрый Андрэевіч, сын Андрэя Іванавіча. Служыў вял. князю літоўскаму Казіміру IV, за што ў 1487 атрымаў ад яго юргельт (жалаванне). Трымаў маёнтак Рымавідаўскі каля Поразава. Яго дзеці служылі вял. князю маскоўскаму, гэтая лінія роду згасла ў 2-й пал. 17 ст.

Фёдар Іванавіч, сын Івана Уладзіміравіча. Атрымаў ад Казіміра IV сяло на Мсціслаўшчыне, а яго сын Юрый — с. Камянойты на Берасцейшчыне (1464). Апошні ад княжны Слуцкай меў сына Івана (памёр маладым), ад княжны Саламярэцкай — Глеба.

Глеб Юр’евіч (?—1513), сын Юрыя Фёдаравіча. Намеснік астрынскі ў 1501, бабруйскі ў 1504, мейшагольскі ў 1508, пасол у Арду. Загінуў у бітве з татарамі пад Менскам. Меў сыноў Андрэя і Сямёна.

Сямён Глебавіч (у каталіцтве Фрыдэрык; ?—1555), сын Глеба Юр’евіча. У 1538—39 спраўца жытомірскі, у 1539 стараста брацлаўскі і вінніцкі, з 1544 ваявода кіеўскі. Меў сыноў Ежы (памёр маладым) і Аляксандра Фрыдэрыка.

Аляксандр Фрыдэрык (каля 1550—каля 1595), сын Сямёна Глебавіча. У маладосці пры двары французскага караля Карла ІХ. У 1573 быў у складзе пасольства па запрашэнні на трон Рэчы Паспалітай Генрыка Валезы. У 1575 падтрымаў абранне на трон Стафана Баторыя. З 1576 стольнік ВКЛ, з 1580 стараста луцкі. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82. Пасля смерці Стафана Баторыя прытрымліваўся габсбургскай арыентацыі, выступаў за абранне эрцгерцага Максіміляна на трон Рэчы Паспалітай. Удзельнічаў у бітве пад Бычынай 24.1.1588 і разам з Максімілянам трапіў у няволю да прыхільнікаў Жыгімонта ІІІ; быў пазбаўлены пасад і эмігрыраваў у Прагу. Пасля вяртання абраны паслом на сойм 1590—91. З 1591 кашталян троцкі. Адстойваў суверэнітэт ВКЛ у Рэчы Паспалітай. Вызнаваў кальвінізм. На яго сынах Юлію Ільі (?—1613) і Аляксандру Актавіяне (?—1638), якому было прысвечана 1-е выданне твора Міхалона Літвіна «Пра норавы татар, літвінаў і маскавітаў», род П. у ВКЛ згас.

Лiтаратура:

Экземплярский А.В. Великие и удельные князья Северной Руси в татарский период, с 1238 по 1501 г. Т. 2. СПб., 1891;

Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895;

Флоря Б.Н. Великое княжество Литовское и Рязанская земля в XV в. // Славяне в эпоху феодализма. М., 1978.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.