Артыкулы: прыказ Вялiкага Княства Лiтоўскага

прыказ Вялiкага Княства Лiтоўскага (Лiтоўскi прыказ, Лiтоўскiх упраўных спраў прыказ), цэнтральная ўрадавая ўстанова ў Расіі ў 1656—67, створаная для кiравання землямi ВКЛ, заваяванымi ў час вайны Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—67. Кiраўнiк — баярын С.Л.Стрэшнеў, якi адначасова кiраваў i «Усцюжскай чвэрцю», таму персанал i тэхнічны апарат гэтых устаноў быў агульны, у астатнiм яны былi поўнасцю самастойныя. Сваю дзейнасць прыказ ажыццяўляў праз мясцовыя органы ўлады — «воевод с товарищами». Праз прыказ праходзiла прызначэнне ваявод царом. На занятых тэрыторыях ён праводзiў перапiс гарадоў i шляхты з фiксацыяй колькасцi зямлi кожнага шляхцiца. Арганiзоўваў збор падаткаў i работы па будаўніцтве гар. абарончых умацаванняў. З’яўляўся вышэйшай судовай установай для занятых тэрыторый, якой падпарадкоўвалася ўсё насельнiцтва, нават тое, што было выведзена ў Расiю. Праз прыказ праходзiлi ўсе чалабiтныя i скаргi з заваяваных зямель ВКЛ i адказы на iх. Займаўся таксама гандлёвымi справамi, якiя тычылiся занятых тэрыторый: арганiзацыяй закупак тавараў, выдачай прывiлеяў, правоў на ўвоз тавараў. Для дзейнасцi прыказа характэрны моцная цэнтралiзаванасць (нават дробныя рашэннi на месцах праводзiлiся праз прыказ) i асцярожнасць у вырашэннi мясцовых (бел.-лiт.) спраў.

Лiтаратура:

Богословский М.М. Приказы Великого княжества Литовского и княжества Смоленского в Московском государстве // Журнал Мин-ва нар. просвещения. 1906. № 8;

Бурдзейка А. Прыказ Вялiкага Княства Лiтоўскага: (фонд установы i функцыi) // Зап. аддз. гуманiт. навук. Мн., 1929. Кн. 8.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.