Артыкулы: Радзівіл Альбрыхт Станіслаў

Радзівіл Альбрыхт Станіслаў (мянушка Абаронца Правоў; 1.7.1593, г. Алыка Валынскага ваяв.—12.11.1656), дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік, гісторык. Сын С.Радзівіла. У 1598—1605 вучыўся ў Віленскай акадэміі, пасля ў Вюрцбургу, з 1609 у Лёвене, да 1616 вандраваў па Нідэрландах, Францыі, Італіі, Швейцарыі. Пасол на соймы 1613 і 1619, дзе прызначаны падканцлерам ВКЛ. З канцлерам Л.Сапегам заключыў пагадненне, што адзін з іх абавязкова будзе знаходзіцца пры каралю Жыгімонце ІІІ для пільнавання інтарэсаў ВКЛ. На сойме 1623 прызначаны канцлерам ВКЛ. У знешняй палітыцы падтрымліваў планы Жыгімонта ІІІ авалодаць шведскім тронам (гл. Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29). Каб зменшыць пагрозу з боку Турцыі і крымскіх татараў, выступаў за саюз з трансільванскім кн. Бетленам Габарам і аўстрыйскімі Габсбургамі. У 1632 падтрымаў абранне на трон Рэчы Паспалітай Уладзіслава ІV, але як шчыры католік выступаў супраць легалізацыі пры гэтым правоў пратэстантаў і праваслаўных. У 1646 выступіў супраць планаў караля распачаць вайну з Турцыяй. У 1648 падтрымаў абранне на трон Яна ІІ Казіміра. Адной з прычын казацкага паўстання на Украіне лічыў «сілу нашых злых учынкаў і ўціск бедных», выступаў за рашучую барацьбу з Б.Хмяльніцкім. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночнай вайны 1655—60 выехаў у Прусію, у 1656 прымаў удзел у перагаворах з Даніяй і Галандыяй у Гданьску, дзе і памёр (бяздзетным). Пры правядзенні ўнутранай і знешняй палітыкі Р. рашуча адстойваў інтарэсы роду Радзівілаў, у т.л. кальвінісцкай галіны, дэманстрацыйна бараніў асобныя інтарэсы ВКЛ у Рэчы Паспалітай. Меў вял. зямельныя ўладанні на Валыні (Алыка і інш.), Беларусі — Нягневічы, Налібакі, маёнткі ў Літве і Польшчы. Трымаў шматлікія дзярж. ўладанні, у т.л. Барысаўскае (з 1629), Пінскае (з 1631), Геранёнскае (з 1644) стараствы, быў адміністратарам Кобрынскай і Шавельскай эканомій. Заснаваў Пінскі езуіцкі калегіум. Аўтар і перакладчык каталіцкіх рэлігійных твораў. На лацінскай мове напісаў «Кароткі выклад падзей у Польскім каралеўстве ў час панавання Жыгімонта ІІІ, Уладзіслава ІV і Яна Казіміра» (часткова апублікаваны ў польскім перакладзе Э.Катлубаем у 1848) і падрабязны «Дзённік» за 1632—56 — каштоўную крыніцу па ўнутранай і знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай (упершыню апублікаваны ў польскім перакладзе Э.Рачынскім у 1839).

Творы:

Memorіale rerum gestarum іn Polonіa, 1632—1656. T. 1—5. Wrocław etc., 1968—75;

Пол. пер. — Rys panowanіa Zygmunta ІІІ // Athenaeum. 1848. T. 3, z. 4;

Pamіętnіk o dzіejach w Polsce. T. 1—3. Warszawa, 1980;

Бел. пер. — Дыярыюш аб падзеях у Польшчы // Спадчына. 1995. № 6;

1996. № 1—3.

Літаратура:

Czaplіńskі W. «Sprawіedlіwy» magnat // Czaplіńskі W. Dawne czasy. Wrocław, 1958.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.