Артыкулы: Радзівіл Альбрыхт Уладзіслаў

Радзівіл Альбрыхт Уладзіслаў (16.6.1589, г. Нясвіж—20.7.1636), дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.К.Радзівіла Сіроткі. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Нясвіжы, Браневе (1599—1601), Аўгсбургу (1604—06), падарожнічаў па Італіі. З 1609 на чале ўласных атрадаў удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 прыняў удзел у аблозе ў 1611 Пскова-Пячэрскага манастыра і ў выправах у 1611—12 на Маскву. Пасол на соймы 1613 і 1615. У 1614—20 стараста рыжскі. Пры падтрымцы цесця, канцлера Л.Сапегі ў 1620 прызначаны стольнікам ВКЛ, у 1622 крайчым ВКЛ, у 1626 кашталянам троцкім. У 1632 удзельнічаў у абранні караля Уладзіслава ІV, які ў 1633 прызначыў яго кашталянам віленскім. Быў адным з багацейшых магнатаў ВКЛ. Пасля смерці бацькі атрымаў Шыдловец у Польшчы, Чарнаўчыцы ў Берасцейскім ваяв., Карэлічы і Лахву ў Новагародскім ваяв. Пасля смерці старэйшага брата Яна Юрыя стаў нясвіжскім ардынатам. У 1622 купіў Блювенічы ў Берасцейскім ваяв. Праз шлюб з Ганнай Соф’яй Зяновіч (1628) набыў Глыбокае, Смаргонь, Порплішча і Паставы ў Ашмянскім пав., Беліцу ў Аршанскім пав., Ворань у Полацкім ваяв., Прусавічы ў Менскім ваяв. Мецэнат, клапаціўся пра пашырэнне галерэі партрэтаў у Нясвіжы. У шлюбе з Ганнай Сапегай не меў дзяцей, у 2-м шлюбе меў сына і 3 дачок.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.