Артыкулы: Аўкштайція
Аўкштайція (літ. Aukštaitija ад aukštas высокі, верхні), гісторыка-геаграфічны рэгіён ВКЛ. Традыцыйна так называюць землі, заселеныя балтамоўным насельніцтвам на З ад Жамойці, вышэй па цячэнні Нёмана і яго правых прытоках (адсюль назва). Пры апісанні падзей 1294—1300 храніст Пётр з Дусбурга ўпамінае пра дзейнасць аднаго крыжака «ў А. (Austechia), зямлі літоўскага караля, у якой спаліў горад, што празываецца Рамена» (на правым беразе Нявежы). У дагаворы 1323 ВКЛ з Лівонскім ордэнам упамінаецца «зямля А. (Eusteythen)». Крыжацкі храніст назваў Гедзіміна «каралём А. і Жамойці». Паводле ўяўленняў храніста 14 ст. Германа з Вартберга, А. — зямля «ў найвышэйшых краях літвінаў», дзе ляжаць Вількамір, Жэймы, Шаты, Ворхава. Паводле адной крыжацкай крыніцы, напярэдадні бітвы на Стрэве 1348 рыцары 8 дзён пустошылі «зямлю Літвы, што звалася А.». У лісце 1420 да імператара Жыгімонта І вял. князь ВКЛ Вітаўт паведамляў, што «жамойты астатнюю частку Літвы называюць А. (Auxstote), бо гэта зямля знаходзіцца вышэй, калі глядзець з зямлі Жамойці». У 15 ст. ўсх. граніца Жамойці ўсталявалася па р. Нявежа, а назва «А.» практычна выйшла з ужытку. Гісторык Г.Лаўмянскі меркаваў, што А. складалася з Нальшчанаў, Дзяволтвы, Літоўскай зямлі і Упіты; у стараж. Літве існавалі 2 племі: жамойць і аўкштота, мяжа паміж якімі ішла па р. Шушва да яе ўпадзення ў Нявежу, а пасля па Нявежы, з 2-й паловы 14 ст. мяжа ўсталявалася па Нявежы. Гэта меркаванне прыняў У.Ц.Пашута. Е.Ахманскі меркаваў, што аўкштайцкі (усх.-літоўскі) культурны абшар падзяляўся на 3 часткі: уцянскую (Нальшчаны), троцкую (уласна Літва) і ашмянска-геранёнскую паміж Мерачанкай, Нёманам, Бярэзінай і Віліяй (магчыма, яна і называлася А.). У цяперашні час А. называюць тэрыторыі, населеныя літоўцамі, што гавораць на аўкштайцкіх дыялектах, у т.л. Занямонне і паўд. частку стараж. Жамойці амаль да Куршскага заліва.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


