Артыкулы: Радзівіл Ганна Кацярына

Радзівіл Ганна Кацярына (23.9.1676, г. Ракаў—23.10.1746), гаспадарчая дзеячка ВКЛ, мецэнатка. Дачка Гераніма Сангушкі і Канстанцыі Сапегі. Выхоўвалася на двары каралевы Марыі Казіміры Сабескай, у варшаўскіх манашак-візітак і сакраментак. З 1692 жонка падканцлера (пасля канцлера) ВКЛ К.С.Радзівіла. Пасля яго смерці (1719) пасялілася ў г. Белая і занялася гасп. дзейнасцю, кіраваннем вялізнымі маёнткамі мужа. Дзякуючы яе намаганням у валоданне Радзівілаў вярнуліся «Нойбургскія маёнткі». Каля 1714 арганізавала вытворчасць дываноў і шпалер у Белай, Карэлічах і Нясвіжы. Заснавала Налібоцкую шкляную мануфактуру, Урэцкую шкляную мануфактуру, майстэрні па шліфоўцы вырабных камянёў у Белай і Янкавічах (Ашмянскі пав.), дзе рабіліся табакеркі, більярдныя кіі, шабельныя рукаяці, жэтоны для гульні, вазы. У ювелірнай майстэрні ў Белай вырабляліся каштоўныя шаблі, гузікі, упрыгожанні. Тут жа дзейнічала суконная мануфактура, існавала вытворчасць палатна, шытых вырабаў, мэблі, гадзіннікаў, карэт, парасонаў, конскай вупражы, каля 1727 пачала працаваць фарфоравая мануфактура. У 1741 пачалася вытворчасць фарфору ва Урэччы, каля 1736 пабудавана рудня ў Нягневічах, у 1737—41 — прадпрыемства па ліццю катлоў у Невелі. Адчыняліся школы па падрыхтоўцы мастакоў і рамеснікаў. Па ініцыятыве Р. будаваліся грэблі, масты, дарогі, млыны, корчмы, заводзілася жывёла галандскіх парод. Перабудавала ў стылі ракако палац у Белай, заклала загарадныя палацы ў блізкіх маёнтках Славіцінак і Раскоша. Перабудавала радзівілаўскі палац у Варшаве. Значна павялічыла бібліятэкі ў Белай і Нясвіжы, партрэтныя родавыя галерэі, упарадкавала радзівілаўскія архівы. Запрасіла ў Белую манашак-шарытак, якія адчынілі там шпіталь і школу для сірот. Фінансавала каранаванне ў 1730 Жыровіцкага абраза Маці Божай.

Літаратура:

KarkucińskaW. Anna z Sanguszków Radziwiłłowa (1676—1746): Działalność gospodarcza i mecenat. Warszawa, 2000;

Kolendo-Korczakowa K. Działalność ekonomiczna Anny z Sanguszków Radziwiłłowej – manufaktury hafciarskie w świetle nowych znalezisk // Dwory magnackie w XVIII wieku. Rola i znaczenie kulturowe. Warszawa, 2005.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.