Артыкулы: Аўлачымскі (Аблачынскі) Лаўрын
Аўлачымскі (Аблачынскі) Лаўрын (свецкае Юзаф; 19.2.1724, в. Нястанавічы, Менскае ваяв.—12.7.1763), дзеяч каталіцкай царквы. Вучыўся ў Віленскай акадэміі. У 1743 у Віленскім кляштары Св. Духа ўступіў у ордэн дамініканцаў. Навіцыят А. адбыў у Папарцях, праз год выехаў у Гародню, дзе 6 гадоў вывучаў філасофію. Стараніўся адміністрацыйнай і выкладчыцкай дзейнасці, але актыўна займаўся душпастырствам, з 1750 місіянер. З 1753 выхавальнік у навіцыяце ў Ружаным Стоку, у 1754—56 падпрэор Ружанастоцкага кляштара, з 1755 прэфект мясцовых місіянераў. Ружанастоцкія місіянерыдамініканцы ахоплівалі сваёй дзейнасцю ВКЛ, Курляндыю, Інфлянты, Прусію, Чырвоную Русь, Мазовію. Выпрацавалі ўласныя місіянерскія метады, якія выклаў Войцех Шалуха ў кнізе «Спосаб зручнага і паспяховага адпраўлення місіі» («Sposóbdogodnegoiskutecznegomisyiodprawowania», Вільня, 1766). Яны прадугледжвалі стварэнне напружанай эмацыйнай атмасферы сярод слухачоў, нечаканыя шумавыя, музычныя эфекты і відовішча. Казанні пра смерць неаднойчы рабіліся пры наяўнасці выкапанага з магілы трупа. Як сведчыць у сваіх мемуарах Юльян Нямцэвіч, А. «прыцягваў бясконцыя натоўпы людзей» і яшчэ пры жыцці яго лічылі святым. Аднак з боку праваслаўных дзейнасць А. выклікала супраціў, было некалькі замахаў на яго жыццё. Магілёўскі епіскап Георгій Каніскі ў 1765 скардзіўся на дзейнасць А. каралю польскаму і вял. князю літоўскаму Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. Выступалі супраць А. і яўрэі, якіх ён намагаўся навярнуць у каталіцтва і сілком заганяў у касцёл для пропаведзяў. А. зрабіў значны ўклад у будаўніцтва Ружанастоцкага кляштара, фундаваў для яго звон. Падрыхтаваў выданне кнігі Габрыэля Юркоўскага «Духмянасць містычнай ружы з Ружанастоцкага касцёла» («WonnościmistycznejróżyzKościołaRóżano-Stockiego», Вільня, 1760), пад змененай назвай — «Мора літасці і ласкі Божай» («Morzelitościi łaskiBożej», Вільня, 1760), кнігу Юркоўскага «Ружаная плынь квітнеючых ласк» («RóżanyPotokkwitnących łask», Вільня, 1763). Твор А. «Тэалогія прапаведнікаў» («Theologiaconcionatorum») застаўся ў рукапісу.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


