Артыкулы: Радзівіл Марыя

Радзівіл Марыя (каля 1625—14.1.1660), дзяячка праваслаўнай царквы ВКЛ. Дачка гаспадара Малдовы Васіля Лупу. З 1643 захады, каб ажаніцца з Марыяй, рабіў кальвініст, падкаморы ВКЛ (пасля ваявода віленскі і вял. гетман) Я.Радзівіл, якога ў гэтым падтрымліваў кароль Уладзіслаў IV. Дынастычны шлюб павінен быў умацаваць пазіцыі кальвінісцкай лініі роду Радзівілаў, забяспечыць ім міжнар. дапамогу. Пасля дазволу турэцкага ўрада шлюб адбыўся ў Ясах 5.2.1645, абрад вянчання здзейсніў правасл. кіеўскі мітрапаліт Пётр Магіла ў прысутнасці шматлікіх паслоў (ад Уладзіслава ІV, брандэнбургскага курфюрста, курляндскага герцага, князёў Валахіі і Трансільваніі, канстанцінопальскага патрыярха і інш.). У якасці вена Р. атрымала ад мужа 600 тыс. злотых, забяспечаных на розных маёнтках, а таксама Орлю і Любчу ў Новагародскім ваяв. У ВКЛ Р. вяла шырокую дзейнасць па абароне праваслаўя. Па яе ініцыятыве ў Кейданах у 1652 пабудавана царква, пры якой жылі манахі. Заснавала ў Заблудаве Успенскі манастыр, рабіла шматлікія наданні цэрквам і манастырам. У 1656 як уладальніца маёнткаў на занятых рас. войскамі тэрыторыях Р. прыняла царскае падданства, але працягвала распараджацца маёнткамі па ўсім ВКЛ, выязджала ў Варшаву і Каралявец. Памерла ў Слуцку, дзе пахавана ў Спаскай царкве ў замку.

Літаратура:

Ярошевич А. Духовное завещание княгини Марии Радзивилл и православный Слуцк // Обретение образа. Православная белорусская культура в славянском мире. Мн.: Белорусская Православная Церковь, 2009.

© Валерый Пазднякоў, 2006, 2014

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.