Артыкулы: Афанасій Берасцейскі
АфанасійБерасцейскі[Афанасій Філіповіч; каля 1595, Берасцейшчына — 5(15).9.1648], святы беларускай праваслаўнай царквы, пісьменнік-публіцыст, палітычны і царкоўны дзеяч. З сям’і незаможнага шляхціца. Меў даволі добрую адукацыю. У 1622 канцлер ВКЛ Л.І.Сапега прызначыў яго выхавацелем Я.Ф.Лубы, якога польскія прыдворныя выдавалі за рус. царэвіча, прэтэндэнта на маскоўскі трон. У 1627 А.Б. пастрыгся ў манахі пры Віленскім Святадухаўскім манастыры. Жыў у манастырах Куцеінскім (пад Оршай), Міжгорскім (пад Кіевам), Дубайскім, Купяціцкім (каля Пінска); у 1640—41 ігумен Сімяонаўскага манастыра ў Берасці. У 1637—38 ездзіў да рас. цара, у спец. рэляцыі «Гісторыя падарожжа ў Маскву» расказаў пра цяжкае становішча правасл. насельніцтва Беларусі і Украіны ў складзе Рэчы Паспалітай. За супрацьдзеянне Берасцейскай уніі 1596, рэзкія выпады ў адраскараля ў 1643 сасланы ў Кіеў, у 1644 арыштаваны як «дзяржаўны злачынца» па справе Лубы. З варшаўскай турмы накіраваў каралю шэраг артыкулаў з крытыкай палітыкі Рэчы Паспалітай, царк. іерархаў і свецкіх магнатаў. Выступаў за адраджэнне правасл. царквы і саюз з Рас. дзяржавай. Праз год пасля выхаду на волю зноў арыштаваны (1648) і абвінавачаны ў аказанні дапамогі казакам Б.Хмяльніцкага. Пасля здзекаў і жорсткіх катаванняў па прыгаворы суда расстраляны. Аўтар «Дыярыуша» (1646), які змяшчае ўсю яго публіцыстыку і напеў (запісаны кіеўскай 5-лінейнай натацыяй) гімнападобнага канта — аднаго з найб. ранніх нотных запісаў у бел. музыцы. Кананізаваны царквой паміж 1658 і 1666. Памяць двойчы: 20 ліп. — аднойдзенне мошчаў і 5 вер. — спачын (паводле старога стылю). Мошчы А.Б. знаходзяцца ў Брэсце. У яго памяць пабудавана капліца ў в. Гершоны Брэсцкага р-на, а ў Гродзенскім Барысаглебскім манастыры — царква (не захавалася).
Творы:
Дыярыуш // Полымя. 2002. № 1.
Літаратура:
Станкевич А. Игумен Афанасий Филипович и шляхтич Ян Луба // Памятники русской старины в западных губерниях. СПб., 1885. Вып. 8;
Коршунов А.Ф. Афанасий Филипович: Жизнь и творчество. Мн., 1965;
Мельников А.А. Путь не печален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;
Chomik P. Święty Atanazy Brzeski i jego diariusz // Bizancjum—prawosławie—romantyzm. Tradycja wschodnia w kulturze XIX wieku. Białystok, 2004.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


