Артыкулы: Ахмат
Ахмат (?—6.1.1481), хан Вялікай Арды. Другі сын хана Кічы-Мухамада, памершага ў 1459, пасля чаго ўлада перайшла да яго сыноў Махмуда і Ахмата. Відаць, браты хутка падзялілі ўладанні, аднак фармальнае вяршэнства меў Махмуд, які ўладарыў у паўднёварускіх стэпах і Паўночным Прычарнамор’і. Ахмату дасталося Паволжа і землі далей на ўсход. Ахмат упершыню ўпамінаецца ў рускіх летапісах прыблізна пад 1460, калі ён ваяваў ваколіцы Пераяслаўля-Разанскага. Пасля смерці брата Ахмат у 1471 стаў адзінаўладным ханам Вялікай Арды. З дапамогай ваеннага пахода Ахмат аднавіў кантроль над рускімі княствамі, і яны на некаторы час зноў сталі выплочваць татарам даніну. У 1470 вял. князь літоўскі Казімір IV прыслаў да А. пасольства на чале з татарынам Кірэем Крывым, прапануючы саюз супраць вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ. Мэтай Казіміра было, відаць, устанаўлення кантролю над Ноўгарадам. Праз год А. адпусціў пасла Казіміра і прыслаў свайго. Паміж дзвюма дзяржавамі быў заключаны саюз. Улетку 1472 Ахмат рушыў у паход на Маскву. Напад адбыўся праз землі ВКЛ (вярхоўя Акі), аднак татарам удалося толькі спаліць Алексін на правым беразе Акі, пасля чаго падышло маскоўскае войска, і Ахмат адступіў. Казімір не змоў яго падтрымаць, бо ў гэты час дапамагаў свайму брату Уладзіславу ў барацьбе за венгерскі трон. Вялікі князь маскоўскі Іван ІІІ пайшоў на заключэнне саюза з крымскім ханам Менглі-Гірэем (1474), накіраваным супраць Ахмата і Казіміра, аднак у 1476 Ахмат падпарадкаваў Крым, пасадзіўшы там на трон Джанібека. У 1479 А. вёў перагаворы з ВКЛ аб новым саюзе. У 1480 прадпрыняў паход на Маскву пра ўладанні ВКЛ. Аднак Казімір не здолеў мабілізаваць на дапамогу А. войск, бо адбіваў напад Менглі-Гірэя, і паход скончыўся няўдала для татараў (гл. Стаянне на Угры 1480). На зваротным шляху ў снежні 1480 А. разрабаваў уладанні ВКЛ у вярхоўях Акі. Маскоўская дзяржава канчаткова вызвалілася ад татарскай залежнасці. Ахмат быў забіты каля Азова сібірскім ханам Івакам, які дзейнічаў у саюзе з Нагайскай ардой.
Літаратура:
Хорошкевич А.Л. Русское государство в системе международных отношений конца XV—начала XVI в. М.: Н, 1980. 293 с.;
Каргалов В.В. Конец ордынского ига. М., 1984;
Алексеев Ю.Г. Освобождение Руси от ордынского ига. Л., 1989;
Горский А.А. Москва и Орда. М., 2000;
Почекаев Р.Ю. Цари ордынские. Биографии ханов и правителей Золотой Орды. СПб.: Евразия, 2010. 407 с.
© Валерый Пазднякоў, 2010, 2014
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


