Артыкулы: Тацішчаў (Татищев) Васіль Мікітавіч

Тацішчаў (Татищев) Васіль Мікітавіч [19(29).4.1686, Пскоўскі пав.—15(26).7.1750], расійскі дзяржаўны дзеяч, гісторык. Удзельнічаў у Паўн. вайне 1700—21, у баявых дзеяннях на Беларусі ў 1705—06, у Палтаўскай бітве 1709; выконваў ваенна-дыпламатычныя даручэнні Пятра І. У 1720—22 і 1734—37 кіраўнік казённых заводаў на Урале, заснаваў г. Екацярынбург. Аўтар прац па гісторыі, геаграфіі, філасофіі, эканоміцы. На падставе шматлікіх летапісаў і інш. крыніц стварыў абагульняльную працу «Гісторыя Расійская з самых старажытнейшых часоў» (кн. 1—5, 1768—1848), дзе ўпершыню ў рас. гістарыяграфіі зрабіў спробу знайсці заканамернасці ў гіст. развіцці Расіі; гіст. прагрэс звязваў з развіццём асветы. Сярод выкарыстаных Т. крыніц былі летапісы, якія не дайшлі да нашага часу, у т.л. адзін са спісаў Полацкага летапісу. Дзякуючы гэтаму па яго творах удакладняюцца многія падзеі з гісторыі Беларусі, акалічнасці ўзнікнення ВКЛ (помсты Войшалка забойцам яго бацькі Міндоўга і інш.). Т. упершыню даследаваў пытанне паходжання і геаграфічнага значэння тэрміна «Белая Русь», адносіў яго ўзнікненне да 12 ст. як назвы Растова-Суздальскіх зямель. Даследаваў узнікненне герба ВКЛ — «Пагоні», якую лічыў запазычанай са стараж.-рус. княстваў. Т. паклаў пачатак у Расіі этнаграфіі, крыніцазнаўству, упершыню апублікаваў «Рускую праўду», Судзебнік 1550. Аўтар першага рас. энцыклапедычнага слоўніка — «Лексікон расійскі гістарычны, геаграфічны, палітычны і грамадскі» (ч. 1—3, 1793, да літары «К»).

Творы:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1994—96;

Избр. тр. по географии России. М., 1950;

Записки. Письма, 1717—1750 гг. М., 1990.

Літаратура:

Попов Н. В.Н.Татищев и его время. М., 1861;

Ермаловіч М.І. Тацішчаўскія звесткі пра Беларусь // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1976. № 2;

Юхт А.И. Государственная деятельность В.Н.Татищева в 20-х—начале 30-х гг. ХVIII в. М., 1985;

Кузьмин А.Г. Татищев. 2 изд. М., 1987;

Юхо И. Татищев о Белоруссии // Нёман. 1989. № 3;

Заяц Ю.А. К вопросу о достоверности татищевского рассказа о Святохне // Гіст.-археал. зб. Мн., 2000. № 15;

 Майоров А.В. Из истории белорусского летописания: Полоцкая летопись В.Н.Татищева // Вестник Полоцкого государственного университета. А. Гуманитарные науки. 2005. № 1.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.