Артыкулы: Трокі

Трокі (літ. Тракай, Trakai, цяпер горад, цэнтр Тракайскага р-на, Літоўская Рэспубліка), горад, цэнтр Троцкага ваяводства. У 14—15 ст. былі важным паліт. цэнтрам ВКЛ. Паводле бел.-літ. летапісаў, вял. кн. Гедзімін перанёс сваю сталіцу з Кернава ў пабудаваныя ім Т. (1310-я г.?, да пераносу сталіцы ў Вільню). Там быў пабудаваны мураваны замак, пазней разбураны і закінуты. Гэта паселішча пазней атрымала назву Старыя Т., у 1405 вял. кн. Вітаўт заснаваў на месцы замка бенедыкцінскі кляштар. У далейшым Старыя Т. не адыгрывалі значнай ролі і ператварыліся ў вёску (размешчана на ПдУ ад горада Т., які часам называўся Новыя Т.). Старыя Т. былі першапачаткова сталіцай удзельнага княства Кейстута, які, паводле летапісаў, збудаваў Новыя Т. і перанёс туды сталіцу. У Старых Т. нарадзіўся вял. кн. Вітаўт. У Новых Т. была адна з рэзідэнцый вял. кн. Вітаўта. У бел.-літ. летапісах Т. названы разам з Вільняй сталіцай вял. князёў Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча. У сярэдзіне 15 ст. ў Т. часта жыў вял. кн. Казімір. Пасля роля Т. знізілася з-за росту недалёкай Вільні. Значэнне Т. вызначалася збудаванымі тут у 14 ст. на востраве і паўвостраве Троцкімі замкамі. 2.6.1377 крыжакі беспаспяхова аблажылі Т., аднак горад быў спалены. У 1384 Вітаўт па жаданні сваёй жонкі Ульяны даў правасл. Троцкаму манастыру Раства Багародзіцы зямлю. Гэты манастыр (у статусе архімандрыі) упамінаецца крыніцамі да 18 ст. Пазней Сапегі збудавалі ў Т. мураваную Юр’еўскую царкву (упамінаецца ў 1630); у пач. 18 ст. згадваецца стараж. Троіцкая царква, а таксама месцы, дзе былі цэрквы Нараджэння Хрыстова і св. Мікалая. У канцы 14 ст. Т. ўпамінаюцца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх»: «Трокы Старыи каменны. А Новыи Трокы на езере две стены камены. А вышнии древян. А в острове камен». Вітаўт з дапамогай крыжакоў 11.9.1383 захапіў Т. і 2 месяцы іх утрымліваў. У 1387 Ягайла пацвердзіў свайму брату Скіргайлу права валодаць Т. і Троцкім княствам. Паводле Востраўскага пагаднення 1392 Т. уключаны ў склад уладанняў Вітаўта. У 1409 ён заснаваў Троцкі касцёл Марыі, пры якім дзейнічала парафіяльная школа. З 1413 Т. — цэнтр Троцкага ваяв. і Троцкага павета. Акрамя літ. і ўсх.-слав. насельніцтва ў Т. жылі караімы і татары, якіх пасяліў тут Вітаўт. У 1430 у Т. адбыўся з’езд манархаў Еўропы з нагоды мяркуемай каранацыі Вітаўта, хутка пасля ён тут памёр. У 1440 у Т. забіты Жыгімонт Кейстутавіч. Ужо ў пач. 15 ст. Т. карысталіся магдэбургскім правам, якое ў 1441 пацвердзіў і пашырыў на караімаў вял. кн. Казімір. У 1516 Т. атрымалі прывілей на 2 кірмашы штогод. У канцы 16 ст. ў Т. адбываліся сесіі Трыбунала ВКЛ. У 1617 заснаваны кляштар бернардзінцаў, у 1678 — дамініканцаў, у 1638 — манастыр базыльян. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночную вайну 1700—21 Т. значна пацярпелі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі.

Літаратура:

Собрание древних грамот и актов городов: Вильны, Ковны, Трок, православных монастырей и по разным предметам. Ч. 1—2. Вильна, 1843;

Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 2, 5. Вильна, 1867, 1871;

Jakubowski J. Opis Księstwa Trockiego z r. 1387: Przyczynek do badań nad ustrojem Litwy przedchrześcijańskiej // Przegląd Historyczny. 1907. T. 5, z. 1;

Арунас М. Тракай. 2 изд. Вильнюс, 1973;

Верцинкявичюс Ю. Тракай. Вильнюс, 1981;

Baliulis A. Trakų magistrato aktų knygos (iki XVIII a. pabaigos) // Lietuvos miestų istorijos šaltiniai. Vilnius, 1988;

Яго ж. Trakų miesto privilegijos: (Lietuvos Metrikos duomenimis) // Там жа. Vilnius, 1992. Kn. 2;

Baliulis A., Mikulionis S., Miškinis A. Trakų miestas ir pilys: Istorija ir architektūra. Vilnius, 1991.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.