Артыкулы: Трубяцкой (Трубецкой) Аляксей Мікітавіч

Трубяцкой (Трубецкой) Аляксей Мікітавіч (?—1680), расійскі палітычны і ваенны дзеяч. З роду князёў Трубяцкіх. Узвысіўся ў час царавання Аляксея Міхайлавіча. З 1645 баярын. У 1646—62 узначальваў прыказы Сібірскі і Казанскага палаца, з 1661 і палкавых спраў. У жн.-вер. 1647 удзельнічаў у перагаворах з пасольствамі Рэчы Паспалітай і Швецыі, у сак. 1654 — з пасольствам Б.Хмяльніцкага пра ўмовы ўваходжання Украіны ў склад Расіі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 узначальваў у 1654—55 паўд. групоўку рас. войск, якая з раёна Бранска наносіла ўдар па Мсціславе, Магілёве і на Пд ад Менска. 22.7.1654 захапіў Мсціслаў (гл. Мсціслава абарона 1654), шмат жыхароў якога было забіта (т.зв. «Трубяцкая разня»), заняў Крычаў, Магілёў, у жн. 1654 аблажыў Быхаў (гл. Быхава абарона 1654—55). У вер. 1655 спрабаваў захапіць Слуцк (гл. Слуцка абарона 1655), адтуль здзейсніў рэйд па цэнтр. Беларусі, у выніку якога захоплены і спалены Цімкавічы, Клецк, Мір, Ляхавічы, Сталавічы, Мыш, Слонім, адтуль павярнуў на Пн і захапіў Новагародак, дзе злучыўся з казацкім войскам В.Залатарэнкі, што ішло ад Гародні. На зваротным шляху былі захоплены Нясвіж, Капыль і інш., зноў абложаны Слуцк. У 1656 (у час вайны Расіі са Швецыяй 1656—58) Т. узначальваў армію, якая ўзяла Дорпат (Тарту). У 1659—пач. 1660 кіраваў войскамі, якія дзейнічалі на Украіне. Удзельнічаў у задушэнні Маскоўскага паўстання 1662 і ў следстве над яго ўдзельнікамі.

Літаратура:

Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине ХVII в. М., 1974;

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.