Артыкулы: Тураў

Тураў (цяпер горад у Жыткавіцкім р-не, Рэспубліка Беларусь), горад у Пінскім пав., на р. Прыпяць. Упершыню ўпамінаецца пад 980. З канца 1-га тыс. цэнтр княства, з 1005 — Пінска-Тураўскай праваслаўнай епархіі. З пач. 14 ст. ў складзе ВКЛ, уладанне вял. князёў літоўскіх. У 1448—50 намеснікам вял. кн. Казіміра ў Т. быў кн. В.Ф.Астрожскі. Каля 1506 Т. падараваны кн. М.Л.Глінскаму, пасля здрады апошняга ў 1508 перададзены кн. К.І.Астрожскаму. Потым горад належаў яго ўдаве Аляксандры Сямёнаўне з роду князёў Алелькавічаў і сыну К.(В.)К.Астрожскаму. Па згасанні роду Астрожскіх (1620) Т. з ваколіцамі перайшоў ва ўладанне Сапегаў. У 17 ст. часткай Тураўскага маёнтка валодалі Любамірскія, а ў 18 ст. — Патоцкія. З 15 ст. Т. ў складзе Троцкага ваяв., з 1566 у Пінскім пав. Берасцейскага ваяв. У 1502 і 1521 Т. падвяргаўся нападам крымскіх татар. У 16 ст. горад складаўся з асн. часткі і 2 прадмесцяў — Заяцэлле і Запясочча. Насельніцтва Т. прымала ўдзел ў антыфеадальнай вайне 1648—51. У 1649 Т. захоплены і спалены войскамі Я.Радзівіла. Спустошаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1648 у Т. 401 дым, у 1667 — 111 дымоў, у 1790 — 497 дымоў. У 18 ст. Тураўскі маёнтак называўся графствам, хоць яго ўладальнікі не былі графамі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі.

Літаратура:

Грушевский А.С. Пинское Полесье: Ист. очерки. Ч. 1—2. Киев, 1901—03;

Тураўшчына: Мінулае, сучаснасць, будучыня. Вып. 1—4. Тураў; Мн., 2000—05;

Лысенко П.Ф. Древний Туров. Мн., 2004;

Тураў. Тураўскае Евангелле. Мн., 2004.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.