Артыкулы: Тыкоцін
Тыкоцін (польск. Tykocin, цяпер горад у Падляскім ваяв., Рэспубліка Польшча), горад у Падляшскім ваяв., на р. Нараў. Заснаваны на мяжы 14—15 ст. пры пераправе цераз Нараў на шляху з Вільні ў Польшчу. Гар. правы атрымаў у 1424 або 1425. У 1433 вял. кн. Жыгімонт Кейстутавіч выдаў прывілей І.Гаштольду на валоданне Т. (магчыма, гэта было пацвярджэнне ранейшага ўладання). У 1437 у Т. ўпамінаецца касцёл. У 1479 А.Гаштольд заснаваў у Т. кляштар бернардзінцаў. У 1522 у ходзе барацьбы Радзівілаў супраць Гаштольдаў радзівілаўскія войскі спалілі Тыкоцінскі замак. Пасля згасання роду Гаштольдаў (1542) Т. — уласнасць вял. кн. Жыгімонта ІІ Аўгуста. З 1644 цэнтр стараства. У 1560-х г. пабудаваны новы мураваны замак (архітэктар Ё.Брэтфус), дзе знаходзіўся дзярж. арсенал Рэчы Паспалітай. У 1566 працаваў Тыкоцінскі манетны двор. У 16—18 ст. Т. — важны цэнтр рамяства і гандлю збожжам, порт на р. Нараў. У ходзе заключэння Люблінскай уніі 1569 Т. разам з Падляшшам далучаны да Польскага каралеўства. У 1571—1603 тыкоцінскім старастам быў Л.Гурніцкі, пасля Весялоўскія, якія зрабілі земляныя ўмацаванні вакол замка. К.Весялоўскі заснаваў у Т. шпіталь для ветэранаў. У 1655 Т. захоплены войскамі саюзніка шведаў Б.Радзівіла. Сюды прыбыў і тут памёр гетман Я.Радзівіл. У 1657 горад узяты ўрадавым войскам пад камандаваннем П.Я.Сапегі. У 1659 кароль перадаў Т. як узнагароду гетману С.Чарнецкаму (пацвердзіў сойм у 1661), пасля горадам валодалі Браніцкія, дзе ўладкавалі сваю рэзідэнцыю. Гетман Я.К.Браніцкі пабудаваў у Т. касцёл Св. Тройцы (1742—48), шпіталь (1750), кляштар місіянераў (1771), новы кляштар бернардзінцаў (пасля 1771), паставіў помнік Чарнецкаму. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Прусіі.
Літаратура:
Monkiewicz W. Tykocin. Warszawa, 1983;
Jarmolik W. Znaczenie i funkcje Tykocina w XVI—XVII wieku: Królewska historia miasta // Białostocczyzna. 1991. № 3;
Яго ж. Burzliwe dzieje zamku tykocińskiego // Там жа. 1992. № 1;
Maroszek J. Znaczenie i funkcje Tykocina w XVII—XVIII w.: Magnacka historia miasta // Там жа. 1991. № 4.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


