Артыкулы: Храпавіцкі Ян Антоній

Храпавіцкі Ян Антоній (1.10.1612, в. Падбярэззе каля Віцебска—3.11.1685), дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, аўтар дзённіка. З роду Храпавіцкіх. Скончыў калегіум Навадворскіх у Кракаве, вучыўся ў Лейдэне і Падуі. У 1637 перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва, што дало яму магчымасць займацца грамадскай і паліт. дзейнасцю і зрабіць кар’еру. Смаленскі харужы з 1650, падкаморы з 1660, ваявода віцебскі з 1669; стараста дарагабужскі, азярыцкі, маркаўскі, адміністратар Магілёўскай эканоміі ў 1684. Сакратар караля Яна II Казіміра Вазы. Актыўны ўдзельнік паліт. жыцця Рэчы Паспалітай, удзельнічаў у працы 24 соймаў (на 17 быў абраны паслом), маршалак соймаў 1665 і 1668, уваходзіў у шматлікія соймавыя камісіі, выбіраўся ў Скарбовы трыбунал ВКЛ. У 1640—50-х г. удзельнічаў у працы камісіі па размежаванні Веліжскай і Усвяцкай валасцей з Невельскай, па выплаце даўгоў смаленскаму гарнізону і войску ВКЛ. З 1661 удзельнічаў у мірных перагаворах з Расіяй, у падпісанні Андросаўскага перамір’я 1667,у перагаворах 1674, 1677—78. Пакінуў дзённік за 1656—85 — каштоўную гіст. крыніцу, дзе ёсць звесткі пра паліт. жыццё Рэчы Паспалітай, соймы, паўсядзённае жыццё заможнай шляхты, звычаі і норавы. Упершыню ўрыўкі з дзённіка пад назвай «Збор цікавых звестак часоў панавання Яна Казіміра і Міхала Вішнявецкага» апублікаваны М.Стацэвічам у Вільні ў 1787. Фрагменты за 1668—72 выдадзены Ю.Русецкім у 1845, а за 1656—69 — Т.Васілеўскім у 1978—88.

Tворы:

Diariusz wojewody witebskiego Jana Antoniego dwóch imion Chrapowickiego... Warszawa, 1845;

Diariusz. Cz. l—2. Warszawa. 1978—88.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.