Артыкулы: цыстэрцыянцы

цыстэрцыянцы, манахі каталіцкага Свяшчэннага цыстэрцыянскага ордэна (лац. Sacer Ordo Cisterciensis, SOC). Заснаваны ў 1098 у Бургундыі (Францыя) ва ўрочышчы Сіто каля Дыжона (Citeaux, лац. Cistercium — Цыстэрцыум, адсюль назва Ц.) абатам бенедыкцінцаў Робертам, які пакінуў свой кляштар Малем. Цыстэрцыянскі ордэн вылучыўся з бенедыкцінскага, прыняўшы больш жорсткія патрабаванні да манахаў. У 12 ст. ордэн рэарганізаваны Бернарам Клервоскім (першы абат цыстэрцыянскага кляштара Клерво ў Бургундыі), таму Ц. называюць таксама бернардзінцамі (адрозніваюцца ад бернардзінцаў— францысканцаў-абсервантаў). Статут 1119 прадпісваў Ц. суровы рэжым аскетызму, гаспадарчае самазабеспячэнне на падставе ўласнай фізічнай працы (сельская гаспадарка, рамяство), але ад гэтага Ц. ў хуткім часе адышлі. Ц. выпрацавалі новы архітэктурны тып кляштара, пры якім касцёл, жылыя і гаспадарчыя пабудовы ўтваралі замкнёны прамавугольны комплекс. Свае кляштары Ц. засноўвалі ў далечыні ад населеных пунктаў, часта ў лясных нізінах. З дзейнасцю Ц. звязваюць узнікненне і распаўсюджванне ў Еўропе гатычнага архітэктурнага стылю. З 1135 у касцёлах Ц. забараняліся жывапісныя і скульптурныя выявы, акрамя Распяцця. Аднак з 13 ст. у іх касцёлах пачалі з’яўляцца разныя капітэлі, потым насценныя размалёўкі і вітражы. Адзенне Ц. — белы габіт з чорным поясам і чорнай доўгай накідкай з капюшонам. Дзякуючы строгай арганізацыі Ц. сталі важным інструментам палітыкі рымскіх пап і выкарыстоўваліся для місіянерства. У 12—13 ст. Ц. — адзін з найб. заможных і ўплывовых каталіцкіх ордэнаў (налічваў болькі за 700 абацтваў), аднак у 14 ст. ордэн прыйшоў у заняпад. У 17 ст. перажываў уздым, звязаны з барацьбой супраць пратэстантаў (у гэты час Ц. з’явіліся на Беларусі), у 1664 узнік ордэн рэфармаваных Ц. — трапістаў.

У Польшчы Ц. з’явіліся ў 1140, ажыццяўлялі місіянерскую дзейнасць сярод прусаў. Кляштары Малой Польшчы ў 12 ст. прызначаліся для місіянерства на Русі, аднак гэтыя планы не ажыццявіліся ў сувязі з правалам 2-га крыжовага паходу. Меркаванне, што ў Польшчы Ц. былі піянерамі ворыўнага земляробства, не пацвярджаецца сучаснымі даследаваннямі, аднак яны садзейнічалі пашырэнню новых агранамічных прыёмаў, рамяства, гандлю. Ц. Рэчы Паспалітай складалі Польскую правінцыю, якая была падначалена генералу Ц. у Сіто, у 1772 тут дзейнічалі 62 мужчынскія і 3 жаночыя цыстэрцыянскія кляштары. У ВКЛ цыстэрцыянскія кляштары існавалі ў Вістычах у Берасцейскім ваяв. (фундаваў у 1670 Яўстафій Тышкевіч, падкаморы берасцейскі; скасаваны ў 1832; гл. Вістыцкі кляштар цыстэрцыянцаў), у Алізаравым Ставе каля Вістычаў (фундаваў у 1710 Ян Камароўскі, пісар земскі мазырскі, і яго жонка Тэрэза з Пшэрадоўскіх; скасаваны да 1830), у Кімбараўцы каля Мазыра (цяпер у межах горада, мужчынскі кляштар фундаваў у 1711 Антоній Аскерка, кашталян новагародскі, і інш., скасаваны ў 1864; жаночы кляштар фундаваў у 1743 ксёндз Бенядзікт Ражанскі, Казімір Сапега і інш., скасаваны ў 1888; гл. Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары).

Літаратура:

Historia і kultura cystersów w dawnej Polsce і ich europejskie związki. Poznań, 1987;

Cystersi w kulturze średniowiecznej Europy. Poznań, 1992.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.