Артыкулы: Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл

Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл, помнік архітэктуры з элементамі готыкі і Рэнесансу. Пабудаваны ў канцы 16—пач. 17 ст. М.К.Радзівілам Сіроткам у мяст.ЧарнаўчыцыБерасцейскага пав. (цяпер вёска ў Брэсцкім р-не). 1-нефавы мураваны храм зальнага тылу з прамавугольным прэсбітэрыем і паўкруглай апсідай. Да прэсбітэрыя сіметрычна прылягаюць больш нізкія квадратныя ў плане капліца і сакрыстыя з 1-схільнымі дахамі, што стварае паступовае насычэнне аб’ёмаў і надае кампазіцыі мастацкую выразнасць. З паўд. боку да апсіды прылягае круглая ў плане вежа з самастойным шатровым пакрыццём і вітымі ўсходамі ўнутры. Да нефа з паўн. і паўд. бакоў сіметрычна прылягаюць невял. бакавыя капліцы, якія ўтвараюць крылы псеўдатрансепта. Да гал. фасада прыбудаваны бабінец. Асн. аб’ём і апсіда накрыты высокім 2-схільным дахам з трохвугольнымі шчытамі на тарцах. Шчыт на гал. фасадзе аздоблены плоскімі прамавугольнымі і круглымі нішамі, тонкімі карнізамі, вертыкальнымі цягамі. Атынкаваныя масіўныя сцены (таўшчыня 1,3 м) бакавых фасадаў умацаваны контрфорсамі, прарэзаны вузкімі паўцыркульнымі вокнамі і завершаны прафіляванымі карнізамі. Унутры цыліндрычныя скляпенні на распалубках дэкарыраваныя ляпнымі рэбрамі прыгожага дэкаратыўнага малюнка (т.зв. люблінскага тыпу), упрыгожаны плакетамі з манаграмамі «IHS» і выявамі арла. Сцены храма ўзведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі з цэглы на вапнава-пясчанай рошчыне, аформлены пілястрамі. Касцёл мае рысы помнікаў люблінскай архітэктуры канца 16—пач. 17 ст. (адзін неф, доўгі прэсбітэрый з паўкруглай апсідай, бязвежавы фасад, багатая ўнутраная ляпніна). Т.Бернатовіч лічыць, што стваральнікам касцёла мог быць італьянскі архітэктар, які працаваў на Любліншчыне і быў цесна звязаны з майстэрняй Якуба Баліна. Відаць, у Чарнаўчыцы прыехалі будаўнікі з Белай (Самуэль Міхалоўскі, Андрыс), дзе ў 1603 завершана будаўніцтва касцёла св. Ганны, падобнага да чарнаўчыцкага. У інтэр’еры 3 барочныя драўляныя паліхромныя скульптуры 18 ст. Захоўваецца арнат, аблямаваны слуцкім поясам. На ПнЗ ад касцёла на высокім цокалі стаіць 3-ярусная тынкаваная званіца з шатровым дахам (падобная да званіцы Нясвіжскага касцёла Божага Цела). У 1585 і 1587 Радзівіл Сіротка даў касцёлу (яшчэ драўлянаму?) фундушы. У 1600 пры касцёле пабудаваны мураваны шпіталь (пазней плябанія). Пасля паўстання 1863—64 касцёл перароблены на правасл. царкву, пасля 1-й сусв. вайны адноўлены. Дзейнічае.

Літаратура:

Кушнярэвіч А М. Культавае дойлідства Беларусі XIII—XVI стст. Мн., 1993;

Bernatowicz T. Miles christianus et peregrinus: Fundacje Mikołaja Radziwiłła «Sierotki» w ordynacji Nieświeskiej. Warszawa, 1998.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.