Артыкулы: Шчука Станіслаў Антоні

Шчука Станіслаў Антоні (1654, Рэчыцкі пав.—19.5.1710), дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, публіцыст. Вучыўся ў Вільні і Кракаве. Шмат разоў выбіраўся паслом на соймы, яго маршалак у 1688—89 і 1699. З 1675 сакратар Яна ІІІ Сабескага, чашнік візнаўскі з 1682, рэгент вял. кароннай канцылярыі з 1684, рэферэндар каронны з 1688, падканцлер ВКЛ з 1699. З 1701 быў адміністратарам мыта ВКЛ. Удзельнічаў у пасольствах і дыпламатычных перагаворах, у т.л. з Пятром I. Быў прыхільнікам абрання на трон сына Яна ІІІ каралевіча Якуба, пасля падтрымаў абранне Аўгуста ІІ, у 1706—09 падтрымліваў на троне Станіслава Ляшчынскага. З-за вял. дзяржаўных заслуг карыстаўся папулярнасцю ў шляхты. Пад псеўданімам Кандзідус Веранензіс выдаў на лацінскай мове кнігу «Зацьменне Польшчы, усяму свету паказанае» («Ecclipsis Poloniae orbi publico demonstrata», Варшава, 1709), дзе выклаў праграму фінансавых і ваенных рэформ: павелічэнне войска, аблажэнне ваенным падаткам шляхты і духавенства, стварэнне Скарбовай касіі і інш. Крытыкаваў удзел Рэчы Паспалітай у Паўночнай вайне 170—21. Узмацненне дзяржавы бачыў у саюзе з Расіяй і барацьбе з Турцыяй. Выступаў за паляпшэнне адукацыі, увядзенне ў школьныя праграмы гісторыі і геаграфіі, арганізацыю сталай паштовай службы, якая б дастаўляла шляхце штотыднёвую бясплатную газету з паліт. навінамі, за скарачэнне тэрмінаў судовых працэсаў. Быў мецэнатам, сабраў вял. б-ку, гіст. матэрыялы. Меў маёнткі Рады ва Упіцкім пав., Сідра ў Гарадзенскім пав., на Украіне і ў Польшчы. Трымаў у Жамойці Вількійскае (з 1686), Платэльскае (з 1702) і Вякшнянскае (з 1703) стараствы, у Польшчы — Люблінскае стараства (1687—1710), вёскі ў Гарадзенскай і Берасцейскай эканоміях; ад Станіслава Ляшчынскага ў 1707—08 атрымаў Палангу, Жыжморы, Ушпаль, Прэны і інш.

Літаратура:

Grochowska I. Stanisław Antoni Szczuka — jego działalność w ziemi wiskiej. Warszawa, 1989.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.