Артыкулы: Шэметы

Шэметы, шляхецкі род герба «Лебедзь». Упамінаюцца з 16 ст. Найб. вядомыя:

Ян Юр’евіч, сын Юрыя Шэметавіча. Валодаў маёнткам Дубраўляны (1539), у 1528 ставіў у войска 38 коннікаў.

Мальхер Станіслававіч (?—1570), падстараста жамойцкі, цівун рэтаўскі з 1548, бержанскі ў 1550, стараста дынабургскі ў 1560, кашталян жамойцкі з 1566.

Вацлаў Мальхеравіч (?—13.4.1599), сын Мальхера Станіслававіча. Дзяржаўца расейнскі і скірстымонскі ў 1575, падкаморы жамойцкі з 1582, кашталян полацкі з 1588 і смаленскі з 1597. Вызнаваў кальвінізм.

Мальхер (?—да 22.8.1594), цівун Малых Дырвян у 1586, маршалак гаспадарскі з 1586.

Станіслаў (?—каля 1590), цівун паюрскі ў 1567, кухмістр ВКЛ у 1576—89.

Мікалай Казімір (?—пасля 1674), падкаморы вендэнскі ў 1669—79, падсудак жамойцкі ў 1674, пасол на сойм 1669. Вучыўся ў Віленскай акадэміі. У маладосці ваяваў на Украіне ў войску кн. І.М.Вішнявецкага супраць татараў, удзельнічаў у бітве з імі пад Ахматавам 1644. Выдаў паэмы «Ахматаўская бітва» (1644), «Аб найважнейшых ваенных дзеяннях вялікага рыцара князя Іераміі Міхала Карыбута Вішнявецкага», склаў генеалогію Вішнявецкіх (1669). Аўтар паэмы «Рэляцыя пра жамойцкае паўстанне і выхад з-пад шведскай апекі» (1657, апубл. 1994).

Станіслаў Самуэль (?—24.4.1684), аўтар рэліг., маральных, сатырычных твораў, у т.л. паэм «Айчыны нефартуна», «Моц і рука Божая ў адвазе польскай і літоўскай паказаная ... пад Хацінам» (пра Хацінскую бітву 1673), «Вясёлае або раптоўнае эха шчаслівай і з вякоў нечуванай вікторыі над туркамі пад Венай 1683» (усе не выдадзены).

Мікалай (?—2.1.1736), стольнік смаленскі ў 1701—09 і аршінскі ў 1701, падкаморы аршанскі з 1713, кашталян полацкі з 1726.

Літаратура:

Pietkiewicz Krzysztof. Kieżgajłowie i ich latyfundium do połowy XVI wieku. Ze studiów nad rozwojem własności ziemskiej w Wielkim Księstwie Litewskim w Średniowieczu. Poznań, 1982;

Senoji Lietuvos literatūra. 2 knyga. Mikalojaus Kazimiero Šemetos „Reliacija”. Vilnius, 1994.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.