Артыкулы: эгзулянты

эгзулянты (ад лац. exules выгнанцы), шляхта Рэчы Паспалітай, якая ў выніку ваенных дзеянняў страціла на акупіраваных тэрыторыях свае маёнткі і перасялілася ва ўнутраныя вобласці дзяржавы. Тэрмін вядомы з 17 ст. У ВКЛ шляхціцы-выгнанцы з’явіліся ў канцы 15 ст. з пачаткам войнаў з Маскоўскай дзяржавай. У якасці кампенсацыі атрымлівалі ад вял. князя літоўскага дзярж. землі ў цэнтр. і зах. абласцях краіны. У час Інфлянцкай вайны 155882 з захопленай Полаччыны выехала шмат шляхецкіх сем’яў. 37 з іх (каля 30% усёй полацкай шляхты) атрымалі 13.8.1563 ад вял. кн. Жыгімонта II Аўгуста ў часовае валоданне маёнткі ў дзярж. валасцях: 17 — у Магілёўскай, 12 — у Мазырскай, 2 — у Рагачоўскай, 2 — у Свіслацкай, 1 — у Сумілішскай, 4 — у Віцебскім пав., 2 — у Троцкім цівунстве. Новую хвалю Э. выклікалі войны 17 ст. і страты Рэччу Паспалітай вял. тэрыторый у Інфлянтах, на ўсходзе і на Украіне, якія былі заняты Швецыяй, Расіяй і Турцыяй. У выніку Андросаўскага перамір’я 1667 да Расіі былі далучаны Кіеўскае, Чарнігаўскае і Смаленскае (са Старадубскім пав.) ваяв., з якіх выехалі сотні Э. Частка іх перасялілася ў свае маёнткі на незанятай тэрыторыі, іншыя дамагаліся зямель з дзярж. фонду, паступалі служыць у войска. У 1667 пасольства Рэчы Паспалітай дамаглося ад Расіі кампенсацыі за страчаныя землі ў памеры 1 млн. злотых. З’явілася сістэма дзярж. дапамогі Э., якая праіснавала да канца 18 ст. У канцы 17 ст., калі Расія вярнула ВКЛ Веліжскую, Себежскую і Невельскую вол., там атрымалі землі Э., што раней не атрымалі дастатковай кампенсацыі. Страта шляхтай маёнткаў не пазбаўляла яе паліт. правоў. Э. захавалі карпарацыйныя шляхецкія арганізацыі, збіраліся на свае соймікі (кіеўскі і чарнігаўскі — у Жытоміры, смаленскі і старадубскі — у Вільні), існавалі адпаведныя ваяводскія і павятовыя шляхецкія пасады. Падзелы Рэчы Паспалітай 1772 і 1793 выклікалі з’яўленне новых Э., але большасць шляхты на занятых землях засталася пры сваіх маёнтках і прыняла новае падданства.

Лimаратура:

Mіenіckі R. Egzulanci poloccy (1563—1580) // Ateneum Wileńskie. 1934. R. 9;

Stolіckі J. Egzulanci podolscy (1672—1699): Znaczenie uchodźców z Podola w życiu politycznym Rzeczypospolitej. Kraków, 1994;

Kuleckі M. Wygnańcy ze Wschodu: Egzulanci w Rzeczypospolitej w ostatnich latach panowania Jana Kazimierza і za panowania Michała Korybuta Wiśniowieckiego. Warszawa, 1997.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.