Артыкулы: Юндзілы

Юндзілы, шляхецкі род герба «Лебедзь». Родапачынальнік — Рачка, які жыў на мяжы 14—15 ст., меў сына Юндзіла, ад імя якога ўтварылася прозвішча Ю. Найб. вядомыя:

Мікалай Юндзілавіч (?—пасля 1527), сын Юндзіла Рачкавіча. Кухмістр вял. княгіні Алены Іванаўны ў 1495—1505, намеснік дубіцкі і канеўскі з 1506, харужы земскі (вялікі) у 1506—11, маршалак гаспадарскі ў 1516—27. У 1498 атрымаў ад вял. кн. Аляксандра пацвярджэнне на маёнтак Крамяніца каля Ваўкавыска, якім валодалі яшчэ яго бацька і дзед. У 1495 атрымаў ад Аляксандра некалькі пустых сёл каля Ваўкавыска, а ў 1500 — Даўгаброды, Карошчын і Бярозкі на Берасцейшчыне.

Мацей Янавіч (?—?), сын Яна Юндзілавіча. Маршалак гаспадарскі ў 1538

Мікалай Шымкавіч (?—?), сын Шымкі Юндзілавіча. Войскі і канюшы гарадзенскі з 1539, намеснік мерацкі каралевы Боны ў 1541.

Войцех Шымкавіч (?—?), сын Шымкі Юндзілавіча. Дзяржаўца лепунскі і валькеніцкі з 1541, ушпальскі і пенянскі, цівун і гараднічы віленскі з 1542.

Мікалай (?—?), сын Паўла Юндзілавіча. Суддзя земскі слонімскі ў 1555—62, каралеўскі дваранін у 1570, паборца слонімскі ў 1567 і 1568.

Андрэй (?—да 14.2.1606), сын Мацея Янавіча. Маршалак ваўкавыскі ў 1586, адначасова з 1586 маршалак гаспадарскі.

Францішак (?—1818), сын Аўгусціна. Падкаморы гарадзенскі з 1784. Валодаў маёнткам Бераставіца ў Гарадзенскім пав. У 1798 атрымаў ад прускага караля для сябе і сваіх нашчадкаў графскі тытул.

Станіслаў Баніфацый (6.5.1761, в. Ясянцы Лідскага пав.—15.4.1847), сын Бенядзікта, прыродазнавец, батанік. Д-р філасофіі (1798) і тэалогіі (1800). Уступіў у ордэн піяраў, вучыўся ў піярскіх калегіумах у Лідзе, Шчучыне, Любяшове і Расейнах, у Віленскай акадэміі. Выкладаў у Шчучыне і Вільні. За кнігі «Апісанне раслін у правінцыі ВКЛ...» (1791) і «Пра салёныя крыніцы і стаклішскую соль» (1792) узнагароджаны каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім залатымі медалямі «Заслужаным». З 1792 віцэ-прафесар Гал. школы ВКЛ. З 1799 узначальваў кабінет натуральнай гісторыі ун-та і батанічны сад, з 1802 праф. натуральнай гісторыі і батанікі (да 1824). Аўтар прац па батаніцы, заалогіі, мінералогіі, геалогіі, ветэрынарыі, сельскай гаспадарцы. Пад псеўданімам Ваўрынец Кастрыца выдаваў сатырычны час. «Bibliophobia» («Бібліяфобія»). Пакінуў мемуары — каштоўную крыніцу па гісторыі Віленскага ун-та і культурнага жыцця Літвы і Беларусі.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.