Артыкулы: Бажымоўскія

Бажымоўскія, шляхецкі род герба «Бяліна», дзеячы кальвінісцкай царквы ў ВКЛ. Найб. вядомыя:

Ян (1610—73), сын Адама, які перасяліўся ў ВКЛ з Польшчы. Вучыўся ў школе пры кальвінскім зборы ў Шыдлаве Расейнскага пав., з 1628 у Слуцкай гімназіі. З 1631 катэхіст пры Кейданскім зборы. У 1636—38 вучыўся ў Лейдэне і Франекеры (Галандыя). Пасля вяртання міністр і прапаведнік збору ў Новым Месце. У 1653 узначаліў Жамойцкі дыстрыкт кальвінісцкай царквы, адначасова у 1665 — Віленскі. Актыўна ўдзельнічаў у сінодах 1650—72. Уводзіў у кальвінісцкае богаслужэнне літоўскую мову, забяспечваў зборы літоўскімі канцыяналамі і малітоўнікамі. Перакладаў на літоўскую мову рэліг. песні і фрагменты катэхізіса, пачаў перакладаць Біблію (рукапіс загінуў каля 1681 у Біржах). Яго арыгінальныя творы і пераклады сабраны ў выданні «Кніга набажэнства хрысціянскага ў гонар адзінай Святой Тройцы» («KnigaNabożnistesKrigscioniszkosAntGarbosDiewnyTrayceySzwentoyWienatijam», Кейданы, 1653, накладам Я.Радзівіла).

Ян (?—1687), сын Яна. Пасля сканчэння Кейданскай гімназіі ў 1667 прызначаны катэхістам, пасля прапаведнік у Любчы і пры двары новагародскага харужага С.Францкевіча-Радзімінскага. У 1670—81 рэктар Слуцкай гімназіі і слуцкі прапаведнік. Віленскі прапаведнік з 1681 і кансеньёр з 1685. Пасля смерці бацькі працягваў перакладаць на літоўскую мову Біблію. Меў 7 сыноў, большасць з якіх сталі віднымі кальвінісцкімі дзеячамі.

Ян (да 1674—?), сын Яна. Вучыўся ў Франкфурце, Караляўцы і Лейдэне (1698). З 1700 рэктар Слуцкай гімназіі.

Даніэль (1674, мяст. Койданава—?), сын Яна. Вучыўся ў Берліне, Караляўцы і Франкфурце (1695). У 1700—01 канрэктар і рэктар Кейданскай гімназіі, пасля прапаведнік віленскі.

Мікалай (1675, мяст. Койданава—?), сын Яна. Вучыўся ў Караляўцы, пасля прапаведнік і выкладчык у ВКЛ.

Самуэль (1678, мяст. Койданава—?), сын Яна. Вучыўся ў Караляўцы (1700), пасля прапаведнік і выкладчык у ВКЛ. У 1703 прарэктар, з 1705 рэктар Кейданскай гімназіі.

Казімір (1682, мяст. Койданава—1750), сын Яна. У 1702—11 вучыўся ў Берліне, Караляўцы і Марбургу (1707). Кансеньёр падляшскі ў 1721, сеньёр падляшскі ў 1731, новагародскі ў 1746, беларускі. Большую частку жыцця правёў у Заблудаве, дзе быў прапаведнікам.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.