Артыкулы: Юрый Львовіч

Юрый Львовіч (24 крас. паміж 1253 і 1260—24.4.1308), князь галіцка-валынскі (насіў тытул «караля Русі»). Сын галіцкага кн. Льва Данілавіча, унук Данілы Раманавіча. Хросным бацькам Ю.Л. быў літоўскі кн. Войшалк. Пры жыцці бацькі трымаў Зах. Волынь з гарадамі Холм, Чэрвень, Мельнік і Дарагічын (пасля —толькі 2 апошнія). Каля 1277 разам з іншымі князямі ўдзельнічаў у татарскім паходзе на літ. ўладанні ў Панямонні. Калі ў Берасці даведаўся, што татары ваююць каля Новагародка, то самачынна з луцкім кн. Мсціславам Данілавічам рушыў на Ваўкавыск, дзе быў разбіты літоўцамі. Неўзабаве рушыў на Гародню, захапіў вежу перад гар. брамай, пасля чаго заключыў з гарадзенцамі мір. Удзельнічаў у татарскім паходзе 1285 на Венгрыю, паходах 1286 і 1287 на Польшчу. Разам з бацькам неаднаразова ўмешваўся ў міжусобіцы польскіх князёў. Дамагаўся ў стрыечнага дзядзькі, хворага кн. Уладзіміра Васількавіча права на валоданне Берасцем, але атрымаў адмову. У 1289 (?) з дапамогай мясц. змоўшчыкаў захапіў Берасце, Камянец і Бельск. Мсціслаў Данілавіч, якому гэтыя гарады належалі па спадчыне, прыгразіў Ю.Л. татарамі, і той пакінуў усе 3 гарады, абрабаваўшы там двары Уладзіміра Васількавіча. Пасля смерці бацькі (1301?) Ю.Л. атрымаў усе галіцкія і валынскія землі, у т.л. Берасцейскую. Прыкладна ў 1303—04 ён заснаваў Галіцкую праваслаўную мітраполію (2-ю на Русі пасля Кіеўскай), у якую ўвайшла і Тураўская епархія. Пры Ю.Л. Галіцка-Валынскае княства дасягнула росквіту. Польскі храніст Я.Длугаш адзначаў: «Быў ён муж мудры, ласкавы і шчодры для духавенства, пры яго ўладзе Руская зямля цешылася спакоем і славілася сваім багаццем».

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.