Артыкулы: Базельскі сабор 1431—1449

Базельскі сабор 1431—1449, сабор каталіцкай царквы. Засядаў спачатку ў г. Базель, з 1448 — уг. Лазана (Швейцарыя). Склікан рымскім папам Марцінам V у час глыбокага крызісу каталіцкай царквы для яе рэфармавання, урэгулявання ваеннага канфлікту з гусітамі, аб’яднання каталіцкай і правасл. цэркваў. Да адкрыцця сабора Марцін V памёр, і ў час яго правядзення разгарэлася барацьба за вярхоўную царкоўную ўладу паміж папам Яўгенам IV і самім сабрам. Б.с. пацвердзіў рашэнне Канстанцкага сабора 1414—18 аб прымаце ўсяленскага сабора над папам, абвясціў аб сксаванні некаторых падаткаў на карысць рымскай курыі, аб рэгулярным скліканні мясцовых сабораў, аб свабодзе царкоўных выбараў. Заключыў кампраміс з памяркоўнымі гусітамі — чашнікамі. Нязгодны з гэтымі рашэннямі, Яўген IV абвясціў у 1437 пра перанос сабора ў Ферару, што было праігнаравана яго ўдзельнікамі. У 1438 у Ферары адчыніўся фактычна іншы сабор (у 1439 перанесены ў Фларэнцыю). Б.с. у 1439 абвясціў Яўгена IV нізложаным і выбраў новага папу — Фелікса V (савойскі герцаг Амедзей VIII, які адмовіўся ад сану ў 1449). Аднак большасць членаў Б.с. яго пакінула. У Лазане сабор прызнаў новага папу — Мікалая V і абвясціў аб самароспуску. Сабор не здолеў вырашыць пастаўленых перад ім задач, што прывяло да яшчэ большага падзення аўтарытэту каталіцкай царквы. Сабор імкнуўся заключыць царкоўную унію з правасл. царквой Візантыі. Адбыўся абмен пасольствамі паміж саборам і візантыйскім імператарам Іаанам VIII (у пасольстве апошняга ўдзельнічаў прыхільнік уніі Ісідор — будучы мітрапаліт кіеўскі). Высакамерныя адносіны Б.с. да справы уніі прымусілі візатыйскі бок пайсці на пагадненне з папам Яўгенам IV, у выніку чаго была заключана Фларэнтыйская унія. Сярод паліт. праблем, якія разглядаў сабор, былі напруджаныя адносіны паміж Польшчай і ВКЛ. У гэты час у ВКЛ ішла феадальная вайна паміж Жыгімонтам Кейстутавічам (яго падтрымліваў Ягайла) і Свідрыгайлам (яго саюзнік — Лівонскі ордэн). Восенню 1432 Свідрыгайлу наведаў з міратворчацкай місіяй пасланнік сабора Лаўрэнцій дэ Даміані. 22.3.1433 правасл. князі Яраслаў Лугвенавіч і Андрэй, а таксама 14 баяр па прапанове Свідрыгайлы заявілі сабору, што Свідрыгайла прытрымліваецца каталіцтва. У лісце Свідрыгайлы ад 26.11.1433 было заяўлена, что яго правы на трон ВКЛ грунтуюцца на тым, што ён сын Альгерда. Увогуле Свідрыгайла імкнуўся забяспечыць сябе падтрымку ўзаемных ворагаў — сабора і папы Яўгена IV. Апошні ў булах 1434 тытулаваў Свідрыгайлу вял. князем і нават прызначыў яго капелана Пятра жамойцкім біскупам. Свідрыгайла праз Андрэаса Пфаффендорфа (пракуратар Тэўтонскага ордэна і Свідрыгайлы) патрабаваў на сабры, каб палякі былі прэданы анафеме за іх саюз з гусітамі, накіраваны супраць ордэна і Свідрыгайлы. У сярэдзіне 1434 мітрапаліт Герасім (рэзідэнцыя ў Смаленску) дапамагаў Свідрыгайлу падтрымліваць адносіны з саборам і папам Яўгенам. Паміж саборам і Свідрагайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам ішла ажыўленая перапіска, але пасля Брэсцкага міра 1435 паміж Ордэнам (2 яго галін) з аднаго боку і Польшчай і ВКЛ з другога, цікавасць сабора да гэтых спраў значна ўпала. У 1434 рыжскі арцыбіскуп Генінг Шарпенберг скардзіўся сабору на Лівонскі закон, просячы, каб сабор узяў яго пад свой пратэктарат і паклаў канец прэтэнзіям ордэна на лівонскія біскупствы. У 1435 сабор прызнаў караля польскага Уладзіслава ІІІ і вял. князя літоўскага Жыгімонта пратэктарамі Рыжскага арцыбіскупства і інш. біскупстваў у Лівоніі. Магчыма, аналагічныя лісты сабор выслаў да Ягайлы і Свідрыгайлы яшчэ ў 1431. У 1439 сабор выслаў віленскаму біскупу Мацею пастановы сабора для інфармацыі.

Літаратура:

Dundulis B. Kova dėlvaldžiosLietuvojeirBazeliobažnytinissusirinkimas (1431—1435 m.) // LietuvosTSRaukštujų mokyklų mokslodarbai. Istorija. Vilnius, 1964. T. 6.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.