Артыкулы: Віцебская эканомія
Віцебская эканомія, дзяржаўнае ўладанне (каралеўшчына) у ВКЛ у 17—18 ст.
Упамiнаецца з пач. 17 ст. як эканомiя, якая здавалася ў службовы лен (уладанне, падараванае васалу за вайск. або адм. службу), на тэр. Вiцебскага ваяводства. Кiравалi ваяводы Я.Завiша (1600), Я.Ракоўскi (1614), Я.Касцевiч (1621), С.Кiшка (1633), С.Сангушка (1638), Х.Кiшка (1641), П.Сапега (1655), У.Валовiч (1657), С.Валовiч (1663), У.Валовiч (1669), Я.Храпавiцкi (1683), Л.Пацей (1695), А.Крыспiн (1697), К.Пацей (1712, 1730), М.Агiнскi (1731), I.Салагуб (1753—72), якi здаваў частку В.э. ў пацэсiю (арэнду). Паводле iнвентароў 1657 i 1667, складалася з 5 валасцей (Буева, Лемнiцы, Лукiшкi, Любашкава, Ужварцы), у якiх налiчвалiся 54 сялянскiя дымы i 28 службаў з 3 пустымi фальваркамi. З сярэдзiны 17 ст. фальварак iснаваў толькi ў воласцi Лукiшкi. Сяляне плацiлi грашовы аброк. У сярэдзiне 18 ст. шмат лясоў i сенажацей В.э. было захоплена суседнiмi феадаламi. У 1756 В.э. падзялялася на Буеўскае, Вiцебскае, Латыгальскае, Лемнiцкае, Любашкаўскае, Узварыцкае войтаўствы i воласць Лукiшкi, у якiх налiчвалася 65 вёсак, 336 гаспадарак i 70 службаў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 В.э. ўзята ў казну i лiчылася дзярж. маёмасцю, службы былi перайменаваны ў вёскi (2803 чал. абодвух полаў). У 1785 плошча В.э. складала 17 053 дзесяцiны, з 1773 уваходзiла ў Вiцебскую правiнцыю, з 1777 — у Вiцебскi i Суражскi паветы. У канцы 18 ст. большая частка В.э. падаравана ў вечнаспадчынную ўласнасць барону I.Ф.Ашу (Узварыцкае войтаўства), П.I.Бабарыкiну (частка Лемнiцкай воласцi), А.А.Дэбальмен (фальварак Лукiшкi i Буеўскае войтаўства).
Лiтаратура:
Сапунов А.П. Витебская старина. Витебск, 1883. Т. 1. С. 353, 373—380, 431;
Историко-юридические материалы... Витебск, 1888. Вып. 18. С. 172; 1897. Вып. 21. С. 347; 1894. Вып. 24. С. 127;
Похилевич Д.Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы в ХVI—ХVIII вв. Львов, 1957. С. 150;
Мелешко В.И. Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина ХVII—ХVIII в.). Мн., 1975. С. 19, 47.
© Яўген Анішчанка, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


