Артыкулы: дысідэнты

дысідэнты [ад лац. dissidens (dissidentis) нязгодны], вернікі-хрысціяне, якія не прытрымліваюцца пануючага веравызнання, пераважна ў краінах, дзе дзярж. ці пануючай рэлігіяй з’яўляецца каталіцызм або пратэстантызм.

У сярэдневяковай Еўропе каталіцкая царква праследавала Д. як «адступнікаў» ад пануючай веры, ератыкоў. У Рэчы Паспалітай да Д. адносілі прыхільнікаў арыянства, кальвінізму, лютэранства, сацыян, анабаптыстаў, квакераў, менанітаў, а пасля Берасцейскай уніі 1596 і праваслаўных. Прававыя гарантыі рэліг. цярпімасці ў адносінах да Д. замацаваны Варшаўскай канфедэрацыяй 1573, а потым гэтыя гарантыі пацвярджалі ўсе новавыбраныя каралі ў Пакта канвента. У наступныя часы пануючае становішча заняў каталіцызм. Гэта вымушала Д. звяртацца за падтрымкай да суседніх аднаверных ім дзяржаў, што распальвала ў Рэчы Паспалітай ганенні ў дачыненні да Д. як да «рэнегатаў» і «замежных агентаў». У 1616 улады Рэчы Паспалітай забаранілі выбіраць у сойм праваслаўных, у 1647 разгарнулі праследаванні арыян. Сойм 1661 пазбавіў усіх Д. права выбірацца ў сойм, а ў 1668 забараніў змену каталіцкага веравызнання пад пагрозай канфіскацыі маёмасці і баніцыі (выгнання за мяжу). Сойм 1717 дазволіў Д. праводзіць правінцыяльныя саборы, аднак забараніў вольнае набажэнства, якое дазвалялася толькі ў прыватных дамах «без пропаведзяў і спеваў». Канфедэрацыя 1733 захавала за Д. недатыкальнасць асобы і маёмасці, аднак забараніла ім выбірацца ў сойм, трыбуналы, займаць пасады ў камісіях, мясц. органах улады і пагражала смяротным пакараннем за пошук замежнай падтрымкі. У выніку гэтага ў 17 — 1-й пал. 18 ст. з амаль 200 рэфармацка-пратэстанцкіх збораў у ВКЛ да 1767 засталося толькі 38; у праваслаўных адабрана каля 200 цэркваў, а ў унію абернуты 3 епархіі. Для вяртання паліт. і рэліг. правоў пратэстанты пад пратэкцыяй Расіі, Прусіі, Англіі, Францыі, Даніі і Швецыі ў 1767 арганізавалі Тарунскую канфедэрацыю, а праваслаўныя, кальвіністы і лютэране — Слуцкую канфедэрацыю. Расія выкарыстала гэтыя канфедэрацыі як падставу для ўмацавання ўласнай паліт. гегемоніі ў Рэчы Паспалітай. Пасля ўсталявання на сойме 1768 сваёй апекі над дзярж. ладам Рэчы Паспалітай яна пагадзілася на захаванне тут за каталіцтвам статуса пануючай рэлігіі ўзамен за скасаванне дыскрымінацыйных пастаноў адносна Д. (гл. Дагавор1768). З гэтага часу дысідэнцкае пытанне ў Рэчы Паспалітай стала другарадным.

Літаратура:

Łukaszewicz J. Dzieje kościołów wyznania helweckiego w Litwie. T. 1—2. Poznań, 1842—43;

Беднов В.А. Православная церковь в Польше и Литве (по Volumina Legum). Екатеринослав, 1908;

Łubieńska M.C. Sprawa dysydencka, 1764—1766. Kraków, 1911;

Kosman M. Reformacja i kontrreformacja w Wielkim Księstwie Litewskim w świetle propagandy wyznaniowej. Wrocław etc., 1973;

Носов Б.В. Русская политика в диссидентском вопросе в Польше, 1762—1766 гг. // Польша и Европа в XVIII в. М., 1999.

© Яўген Анішчанка, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.