Артыкулы: межавыя знакi

межавыя знакi, абазначэннi ў ВКЛ гранiц зямельных уладанняў, спрэчных месцаў i правоў на зямлю.

Найб. пашыранымi i трывалымi М.з. былi прыродныя ўрочышчы: рэчкi, азёры, багны, заломы i iнш. Межы апрацаванай зямлi пазначалi разорай, сцяной з камянёў, насыпалi капцы. На капцах ставiлi драўляныя крыжы або выкладалi iх з камянёў, знiзу закопвалi каменне, вуголле, шкло, цэглу i розныя гаспадарчыя рэчы, якiя павiнны былi сведчыць, што насып мае штучнае паходжанне. У лясiстай мясцовасцi мяжу мецiлi знакамi на дрэвах (надрэзы, зачосы, засечкi). Былi пашыраны агароджы ў выглядзе калкоў, расстаўленых паасобна або сплеценых у загарадзь ад жывёлы. Пры межаваннях у 18 ст. выкарыстоўвалi стандартныя драўляныя слупы з выявамi дзярж. герба, колер слупа сведчыў аб прававым характары ўчастка (чорныя, абпаленыя ставiлi на спрэчных межах, белыя, акораныя — на бясспрэчных). Месцазнаходжанне М.з. апiсвалi асобна ў дакументах i пазначалi на картах умоўнымi знакамi.

Лiтаратура:

Tymowski S.J. Dziedzina władania na ziemiach polskich a jej granice w historycznym rozwoju // Przegląd geodezyjny. 1961. № 7.

© Яўген Анішчанка, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.