Артыкулы: Панiн Мiкiта Iванавiч
Панiн Мiкiта Iванавiч (Панин Никита Иванович) [18(29).9.1718, г. Данцыг—31.3(11.4).1783], расiйскi дзяржаўны дзеяч, граф.
У 1747 пасланнiк у Данii, у 1748—60 — у Швецыi, дзе пранiкся сiмпатыямi да канстытуцыйнай манархii. У 1760—73 выхавацель вял. кн. Паўла Пятровiча (будучы iмператар Павел I). Удзельнiчаў ва ўзвядзеннi на трон Кацярыны II (1762), хоць бачыў яе толькi ў якасці рэгентшы пры Паўле. З кастр. 1763 кiраўнiк Калегii замежных спраў. Распрацаваў i актыўна праводзiў план «Паўночнага акорду» — саюзу Расii, Прусii, Данii, Швецыi, Англii i Рэчы Паспалiтай супраць Францыi, Аўстрыi i iтальянскiх дзяржаў. У рэчышчы гэтага плана i з мэтай забяспечыць пераважны ўплыў Расii ў справах Рэчы Паспалiтай склаў праект стварэння дысiдэнцкiх канфедэрацый: пратэстанцкай Тарунскай i пратэстанцка-праваслаўнай Слуцкай канфедэрацыi. Акупацыя Аўстрыяй у 1769 часткi Польшчы пахавала iдэю паўн. саюзу. П. пачаў рыхтаваць доказы правоў Рас. iмперыi на частку тэр. Рэчы Паспалiтай пры падзеле гэтай дзяржавы памiж Аўстрыяй, Прусiяй i Расiяй. За дыпламатычную падрыхтоўку першага падзелу Рэчы Паспалiтай (1772) П. атрымаў 22.9(2.10).1773 ва ўласнасць 7594 сялян (740 двароў) з 68 тыс. дзесяцiнамi зямлi ў Лiснянскiм, Клясцiцкiм i Нiшчанскiм войтаўствах Полацкай эканоміі. Як масон прадаў атрыманую маёмасць сваiм сакратарам, у т.л. драматургу Дз.I.Фанвiзiну, якi пад кiраўнiцтвам П. ў 1773 склаў праект канстытуцыйнага абмежавання манархii. Абвiнавачаны ў змове на карысць цэсарэвiча, П. пазбаўлены ўсiх пасад i пад нацiскам царадворцаў (гал. ч. Арловых) у 1781 падаў у адстаўку.
Лiтаратура:
Лебедев П.С. Графы Никита и Петр Панины. СПб., 1883;
Чечулин Н. Внешняя политика России в начале царствования Екатерины II. СПб., 1896;
Гаврюшкин А.В. Граф Никита Панин: Из истории рус. дипломатии XVIII в. М., 1989.
© Яўген Анішчанка, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


