Артыкулы: першы падзел Рэчы Паспалітай

першы падзел Рэчы Паспалітай.

Стаў вынікам перапляцення барацьбы за гегемонію ў Еўропе манархаў Аўстрыі, Прусіі і Расіі з барацьбой за ўладу арыстакратычных груповак Рэчы Паспалітай. Групоўка Чартарыйскіх з дапамогай Расіі ў 1764 узвяла на трон Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага і паспрабавала правесці памяркоўныя рэформы, накіраваныя на ўмацаванне суверэнітэту краіны і ўлады караля. Каб надзейна кантраляваць падзеі ў Рэчы Паспалітай, Расія дамаглася ўхвалення соймам 1768 свайго выключнага права апекі над непарушнасцю дзярж. ладу Рэчы Паспалітай пры ўмове захавання тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, нязменнасці кампетэнцыі караля і ўраўнавання дысідэнтаў у правах з католікамі. Праціўнікі караля і рас. апекі стварылі Барскую канфедэрацыю, якую падтрымалі Турцыя і Францыя. Каб спыніць прасоўванне Расіі ў ходзе вайны з Турцыяй 1768—74 і ўзбуйніць уласныя тэрыторыі за кошт знясіленай Рэчы Паспалітай, Аўстрыя і Прусія вырашылі шляхам шантажу аказаць ціск на Расію, адказную за тэр. цэласнасць Рэчы Паспалітай. У лют. 1769 Аўстрыя захапіла стараствы Спіш і Бяскіды, у ліп. 1770 — Чарстын, Новы Торг, Сонч і саляныя капальні Вялічка пад Кракавам. З разлікам на дапамогу нейтральных дзяржаў Барская канфедэрацыя 9.4 і 9.8.1770 абвясціла бескаралеўе. Гэта аблегчыла Прусіі абвясціць прэтэнзіі на Зах. (Каралеўскую) Прусію з Торунню і Гданьскам, Памор’е, Вармію, графствы Ансбах, Байройт, біскупства Эрмланд. 7.9.1770 Прусія і Аўстрыя запатрабавалі ад Расіі вывесці войскі з заваяваных ёю дунайскіх княстваў Малдова і Валахія і ўзяць узамен усх. абшары ВКЛ. Да канца 1770 бакі устанавілі на межах тэрыторый, на якія прэтэндавалі, пагранічныя кардоны пад відам перасцярогі ад маравой язвы і канфедэратаў і пачалі тайныя перагаворы аб раўнавазе набыткаў. У маі 1771 Расія заняла спец. корпусам паўн.-ўсх. частку ВКЛ на выпадак вайны з Аўстрыяй і вырашыла спачатку дамовіцца з Прусіяй. Замах канфедэратаў на караля 3.11.1771 дыскрэдытаваў іх у вачах еўрапейскіх кабінетаў і паскорыў заключэнне падзельчага пагаднення. 6.2.1772 Расія і Прусія падпісалі дагавор аб падзеле Рэчы Паспалітай з узаемным абавязацельствам адначасова акупіраваць намечаныя абшары ў маі—чэрв. пад выглядам замірэння Польшчы і задавальнення сваіх даўніх правоў і прэтэнзій да яе. Аўстрыя патрабавала саступіць графствы Глац, Клодзь, Люблінскае і Холмскае ваяв. з Кракавам і Львовам, для чаго заключыла 6.7.1772 дагавор з Турцыяй. Каб пазбегнуць узаемнай вайны і захаваць раўнавагу сіл, Аўстрыя, Прусія і Расія 5.8.1772 падпісалі траістую канвенцыю аб падзеле Рэчы Паспалітай, дзе дамовіліся захаваць рэшткі краіны ў якасці буфера паміж сабой. Скліканаму для прымірэння сойму 1773 яны абяцалі дазволіць самастойна ўладкаваць унутраныя парадкі ацалелай Рэчы Паспалітай. З надзеяй на гэта соймавая дэлегацыя 18.9.1773 падпісала падзельчыя трактаты, якія сойм ратыфікаваў 30.9.1773 пад пагрозай пашырэння захопаў. Аўстрыя атрымала Зах. Украіну са Львовам, паўд. частку Кракаўскага ваяв. (без Кракава) і Сандамірскае ваяв., усяго 83 тыс. км² з насельніцтвам 2650 тыс. чал. Прусія захапіла Вармію, Памор’е, Куявы, Хэлмскае ваяв. (без Торуні), Зах. Памор’е (без Гданьска), усяго 36 тыс. км² з насельніцтвам 530 тыс. чал. Расія заняла паўн.-ўсх. абшары ВКЛ да Дзвіны, Друці і Дняпра, усяго 92 тыс. км² з насельніцтвам 1300 тыс. чал.; гэтыя тэрыторыі ўвайшлі ў склад Пскоўскай і Магілёўскай губ.

Літаратура:

Соловьев С.М. История падения Польши. М., 1863;

Sorel A. Sprawa wschodnia w XVIII wieku. Lwów, 1903;

Cegelski T., Kądzieła Ł. Rozbiory Polski, 1772—1793—1795. Warszawa, 1990;

Стегний П.В. Разделы Польши и дипломатия Екатерины II. 1772, 1793, 1795. М., 2002;

Носов Б.В. Установление российского господства в Речи Посполитой, 1756—1768 гг. М., 2004.

© Яўген Анішчанка, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.