Артыкулы: прапiнацыя

прапiнацыя (ад лац. propinatio здравiца), выраб i продаж моцных спiртных напiткаў.

У часы феадалiзму права П. вынiкала з права ўласнасцi на зямлю i на прадукцыйныя рэсурсы ўладанняў. У Польшчы i ВКЛ у 13—15 ст. права П. набыло характар манаполii землеўласнiкаў i дзярж. рэгалii, якая могла здавацца ў арэнду (на водкуп). Права вольна варыць i прадаваць (шынкаваць, адсюль назва шынок) мёд, пiва i гарэлку землеўладальнiкi Кароны Польскай атрымалi паводле Пётркаўскага прывiлея 1496 караля Яна Ольбрахта. Пасля ўтварэння ў 1569 Рэчы Паспалiтай гэта права было пашырана i на шляхту ВКЛ. Статут ВКЛ 1588 забараняў таемны выраб i продаж моцных напiткаў, а iх шынкаванне дазвалялася толькi ў заезных дамах пры гасцiнцах. Iх традыцыйна выраблялi ў хатах, лазнях, броварах, прадавалi ў корчмах i шынках. Для вытворчасцi выкарыстоўвалi мёд, ячмень, жыта. Паколькi гандаль увогуле лiчыўся справай не вартай шляхты, то яна перадавала шынкi ў арэнду. Традыцыйна шынкарамi выступалi яўрэi. Водкупная сiстэма i вольная П. шляхты дазваляла ўласнiкам корчмаў i iх арандатарам вызначаць аб’ёмы рэалiзацыi моцных напiткаў, навязваць сваю прадукцыю па прымусовых цэнах, абмяжоўваць iнш. вытворцаў квотамi або выключна хатнiмi патрэбамi (на вяселле, хрэсьбiны, памiнкi). Пры слабым дзярж. фiску вольная П. стала самай вял. крынiцаў даходаў феадалаў, вытокам п’янства i галечы падданых. Дзярж. скарб рэгуляваў П. ўскоснымi падаткамi (капшчына, чопавае, шэлежнае), якiя вызначалiся на соймiках i iшлi пераважна на ўтрыманне войска. Падаткi вызначалiся з аб’ёму вытворчасцi (з катла, чана, анкера) i продажу (з бочкi, кварты, чаркi, штофа), радзей — з кошту рэалiзацыi (са злотага). Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалiтай (1772) рас. ўрад пазбавiў дробную шляхту права на вольную П. i захаваў яго за ўласнiкамi сялян i мястэчак за спец. падатак з кожнай рэвiзскай душы.

Лiтаратура:

Корсак А. О пропинационном праве в Западных губерниях. СПб, 1864;

Pawiński A. Skarbowość w Polsce i jej dzieje za Stefana Batorego. Warszawa, 1881;

Боуфал Б. О пропинационном праве в Западном крае и в царстве Польском // Журн. Юридического о-ва. СПб, 1896. Кн. 6;

Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;

Filipczak-Kocur A. Skarb litewski za pierwszych dwu Wazów, 1587—1648. Wrocław, 1994;

Анищенко Е.К. Черта оседлости. Мн., 1998.

© Яўген Анішчанка, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.