Артыкулы: трэці падзел Рэчы Паспалітай

трэці падзел Рэчы Паспалітай.

Ажыццёўлены ў 1795 Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй у выніку падаўлення паўстання 1794. Расія планавала адзінаўладна распарадзіцца лёсам Рэчы Паспалітай, зыходзячы з занятасці Прусіі вайной супраць Францыі і нейтралітэту Аўстрыі. Аднак Прусія 10.5.1794 адвяла свае войскі з французскага тэатра ваен. дзеянняў і 3.6.1794 акупіравала г. Кракаў з ваяводствам, на што прэтэндавала Аўстрыя. Апошняя ў адказ 15—30.6.1794 захапіла Сандамірскае ваяв. і Холмскую зямлю, што прывяло да тэрытарыяльных спрэчак і сварак вакол пасады галоўнакамандуючага саюзнымі карнымі войскамі. Захоп А.В.Суворавым Т.Касцюшкі і Варшавы (4.10.1794) дазволіў Расіі дыктаваць уласныя ўмовы падзелу. 10.1.1795 рас. імператрыца Кацярына ІІ выступіла пасрэднікам уладкавання спрэчных доляў Прусіі і Аўстрыі праз Суворава і М.В.Рапніна, якім, аднак, загадала таемна заняць Беластоцкую акругу да лініі р. Буг—вусце р. Нараў—г. Гародня і не саступаць яе Прусіі. 3.1.1795 Расія і Аўстрыя размежавалі сферы сваіх інтарэсаў у Валынскім і Берасцейскім ваяв. да р. Буг, але без указання рас.-прускай мяжы паміж Бугам і Гародняй. Каб сутыкненне тут рас. і прускіх войск не перарасло ў вайну, бакі пайшлі на кампраміс: Прусія саступіла Кракаў Аўстрыі, Расія аддала Варшаву Прусіі. Трохбаковую канвенцыю пра падзел Рэчы Паспалітай Расія, Прусія і Аўстрыя падпісалі ў Пецярбургу 13(24).10.1795, 24.11.1795 пагадзіліся ўрэгуляваць спрэчныя пытанні, у т.л. адносна даўгоў караля польскага і вял. князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які 25.11.1795 адрокся ад трона. 16.1.1796 Расія вывела свае войскі з Беласточчыны і размясціла іх па лініі: вусце р. Нараўка—мяст. Гарадок—мяст. Кузніца—р. Ласосна—р. Нёман і далей да мяст. Паланга. Сумесная камісія 3.8.1796 зацвердзіла гэтую мяжу і 30.9.1796 дэмаркавала яе. Канчаткова тэрытарыяльныя долі падзелу трохбаковая камісія зацвердзіла 21.11.1796. Прусія атрымала большую частку Мазавецкага ваяв. з Варшавай, часткі Падляшскага, Гарадзенскага, Троцкага ваяв. і Жамойці (48 тыс. км²), Аўстрыя — Кракаўскае, Сандамірскае, Люблінскае, часткі Мазавецкага Берасцейскага і Падляшскага ваяв. (47 тыс. км²), Расія — Валынскае, Новагародскае, Віленскае, часткі Берасцейскага, Гарадзенскага, Троцкага ваяв. і Жамойці з гарадамі Берасце, Новагародак, Гародня, Вільня, Коўна (120 тыс. км²). 26.1.1797 бакі падзялілі даўгі былога караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і абавязаліся не ўжываць у сваіх тытулах назвы Польскага каралеўства. 3-і падзел стаў чарговай праявай агрэсіўнай палітыкі манархій Расіі, Прусіі і Аўстрыі, якія выкарысталі знясіленасць Рэчы Паспалітай для канчатковага знішчэння яе паліт. існавання і паслядоўнага захопу яе зямель. Далучаныя да Рас. імперыі тэрыторыі былі арганізаваны ў Віленскую і Слонімскую губерні.

Літаратура:

Rolle J. Stanisław August w Grodnie. Lwów, 1887;

Historia dyplomacji polskiej. T. 2. Warszawa, 1982;

Lord R.H. Drugi rozbiór Polski. Warszawa, 1984;

Cegielski T., Kąziela Ł. Rozbiory Polski 1772—1793—1795. Warszawa, 1990;

Zamojski A. Ostatni król Polski. Warszawa, 1994.

© Яўген Анішчанка, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.