Артыкулы: Крычаў
Крычаў (цяпер горад, цэнтр Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл., Рэспубліка Беларусь), горад у Мсціслаўскім ваяв., на р. Сож.
Упершыню ўпамінаецца ў статуце 1136 смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча («Кречют»). У 12—сярэдзіне 14 ст. ў Смаленскім княстве. З 1358 у складзе ВКЛ, уваходзіў у Мсціслаўскае княства, з канца 15 ст. ў Віленскім ваяв., пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 у Мсціслаўскім ваяв. Першапачатковы цэнтр горада знаходзіўся на гарадзішчы «Гарадзец». У 2-й пал. 12—пач. 13 ст. пачаў будавацца новы цэнтр — «Замкавая гара» і рамесна-гандлёвы пасад на Спаскай гары. У 14 ст. пачалося асваенне гар. тэрыторыі ў міжрэччы ручаёў Забялышчынскі і Крычавец. У 1507 і 1508 К. намагаліся захапіць маскоўскія войскі. У 1514 К. прысягнуў на вернасць маскоўскаму вял. кн. Васілю III, але хутка вярнуўся пад уладу ВКЛ. У час Інфлянцкай вайны 1558—82 горад у 1564 двойчы імкнуліся захапіць маскоўскія войскі. К. моцна пацярпеў ад нападу рас. войск у 1633. Для хутчэйшага адраджэння горада вял. князь літоўскі Уладзіслаў IV 23.8.1634 даў яму магдэбургскае права і герб: на чырвоным полі выява сярэбранага мяча і залатога крыжа. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 К. моцна пацярпеў, таму быў вызвалены ад дзярж. павіннасцяў, у т.л. ад пастояў вайсковых атрадаў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 горад у 1654 вытрымаў 2-месячную аблогу рас. войск, але потым быў вымушаны здацца. Пасля вызвалення пастановай сойма 1661 вызвалены ад падаткаў. Паводле інвентара 1671 у К. 375 дымоў, у 1682 — 456 дымоў. У Паўночную вайну 1700—21 горад моцна пацярпеў. У 1720 у К. налічвалася 233 жылыя дамы, у 1747 — 429 дымоў, у 1779 — 470 дымоў, каля 2800 жыхароў. У 17—18 ст. аснову планіровачнай кампазіцыі горада ствараў замак, да якога цягнуліся вуліцы, было 8 правасл. цэркваў, касцёл, сінагога, сфарміраваўся 2-і цэнтр горада — рыначная плошча. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі.
Літаратура:
Мяцельскі А.А. Старадаўні Крычаў: гістарычна-археалагічны нарыс горада ад старажытных часоў да канца XVIII ст. Мн., 2003.
© Андрэй Мяцельскі, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


