Артыкулы: Крычаўская воласць
Крычаўская воласць, адм.-тэр. і гаспадарчая адзінка з цэнтрам ў Крычаве ў 12—18 ст.
Упершыню ўпамінаецца ў 1136 пад назвай «Кречют». У 12—15 ст. уваходзіла ў Мсціслаўскае княства Смаленскай зямлі, а потым ВКЛ. Тэр. воласці ахоплівала басейн Сажа ад р. Белая Натапа да р. Волчас, міжрэчча Сажа і Беседзі, а на У даходзіла да вытокаў Іпуці. У 14—15 ст. тэр. воласці пашырана на У і ахапіла мерыдыянальнае цячэнне р. Іпуць. У канцы 15 ст. К.в. вылучылася ў самастойную адм.-тэр. адзінку, якая знаходзілася ў дзярж. уласнасці. У 1529 да яе далучана Лучыцкая воласць, у такім выглядзе К.в. праіснавала да 18 ст. На працягу 15—16 ст. у выніку вылучэння з яе складу шэрагу дробных прыватных маёнткаў воласць набыла шматковы выгляд. З 16 ст. тэрмін «К.в.» («Крычаўскае стараства») адносіўся толькі да дзярж. уладанняў, а адносна прыватных адзначалася, што тыя знаходзяцца ў Крычаўскім пав. (Крычаўскім тракце). У 1560 налічвалася 45 дзярж. вёсак і 34 прыватнаўласніцкія. З 16 cт. К.в. валодалі на ўмовах закладу, якія фактычна не адрозніваліся ад прыватнага ўладання, буйныя феадалы. У выніку войнаў 1-й пал. 16 ст. частка воласці адышла да Масквы. Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 К.в. увайшла ў склад Мсціслаўскага ваяводства. З 2-й пал. 17 ст. ў воласці ўпамінаюцца войтаўствы Лучыцкае (Забычанскае), Дамамерыцкае, Мілаславіцкае (Углянскае), Палявое. На ўсх. землях Лучыцкага ў пач. 18 ст. арганізавана Бярозкаўскае (Хоцімскае) войтаўства. У воласці адбылося Крычаўскае паўстанне 1743—44. У Крычаўскім старастве ў сярэдзіне 18 ст. быў 1 горад (Крычаў), 5 мястэчак (Міхалаў, Ганна, Радзівілаў, Геранімаў, Студзянец) і каля 130 вёсак і слабод. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) К.в. у складзе Рас. імперыі. З-за адмовы крычаўскага старасты Е.А.Мнішка прысягнуць на вернасць імператрыцы Кацярыне ІІ у 1776 К.в. перададзена Р.А.Пацёмкіну, пасля чаго канчаткова ператварылася ў прыватную латыфундыю — Крычаўскае графства.
Намеснікі (старасты) крычаўскія: А.І.Дашковіч (1501—03), П.Епімахавіч (1503—04?), Я.Я.Забярэзінскі (1507), В.І.Ашушыхін (1508—09), Ц.І.Капуста (1511), Ю.Неміровіч (1514), В.С.Жылінскі (1517—29), В.Б.Чыж (1530—34, 1536), А.Неміраў (1535), А.Б.Шалуха (1544—63), К.А.Шалуха (1566—76), М.Служка (1576—78), Б.І.Саламярэцкі (1580—1602), Ф.Б.Лукомскі (1602—20?), Б.Б.Саламярэцкі (1620?—1625?), К.Весялоўскі (1625—34?), С.Пац (?—1640), яго ўдава Ганна з Рудамінаў-Дусяцкіх (1640—42), М.С.Пац (1642—70), М.К.Радзівіл (1670—80), К.С.Радзівіл (1680—1719), Ганна Катажына з Сангушкаў Радзівіл (1692—1746), Г.Ф.Радзівіл (1746—59), Е.А.Мнішак (1760—75).
Літаратура:
Мяцельскі А.А. Воласць Крычава ў ХІІ—ХVI стст.: тэрыторыя, адміністрацыйна-гаспадарчы падзел, паселішчы // Гіст.-археал. зб. Мн., 2000. № 15;
Яго ж. Лучыцкая воласць у XV—XVIII стст. // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2000. № 4;
Яго ж.Фарміраванне мястэчак Крычаўскага староства // Castrum, urbis et bellum. Баранавічы, 2002;
Яго ж. Старадаўні Крычаў: Гіст.-археал. нарыс горада ад старажытных часоў да канца XVIII ст. Мн., 2003.
© Андрэй Мяцельскі, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


