Артыкулы: Крычаўскі замак
Крычаўскі замак, цэнтральнае ўмацаванне г. Крычаў у 12—18 ст. (традыцыйна для 12—13 ст. называецца дзядзінцам).
Знаходзіўся ў цэнтра горада на правым беразе Сожа перад упадзеннем у яго Забялышчанскага ручая (сучасная ўзвышанасць Замкавая гара). Меў авальныя абрысы, памеры 100 × 60 м. Быў умацаваны равамі і землянымі валамі, на якіх стаялі драўляныя канструкцыі. Тут знаходзіліся рэзідэнцыі адміністратараў горада і замка, размяшчаўся гарнізон. Пiсьмовыя звесткi пра планiроўку i забудову замка Крычава 12—пач. 17 ст. адсутнiчаюць. Археалагічнымі раскопкамі ўстаноўлена што ў 14 ст. вышыня вала дасягала 4,3 м. У 15—16 ст. абарончыя збудаванні К.з. рэканструяваліся двойчы. Спачатку вал з гліны і пяску быў павялічаны да вышыні 5 м, а потым да 6 м. Дакладных звестак пра пра наземныя абарончыя збудаванні не захавалася, відаць, драўляныя абарончыя сцены былі забіты зямлёй. Магчыма, менавіта да гэтага часу адносяцца звесткі А.Мейера, што калісьці, «да Радзівілаў», сцены замка былі запоўнены дзікім каменем. У 17—18 ст. вал падсыпаўся тройчы, пры гэтым ён дасягнуў у вышыню 7 м і шырыню 15 м. Найбольш магутны вал быў насыпаны з напольнага, найбольш невяспечнага боку. Па меры набліжэння вала да Сожа яго памеры памяншпліся, а ўздоўж Сожа вал вонкава не прасочваецца. Паводле інвентароў 1673, 1679 і 1682 К.з. быў умацаваны парканам, пакрытым драніцамі. Канструкцыйна паркан уяўляў сабою сцены з гарызантальных бярвенняў, канцы якіх заганяліся ў вертыкальныя стаякі. У бярвеннях праразаліся вокны-байніцы, з якіх вялі агонь па праціўніку. З горада ў замак вёў высокі мост на ізбіцах. Перад уязной вежай-брамай ён меў пад’ёмны пралёт на жалезных ланцугах. Інвентар 1694 паведамляе, што замак меў 5 вежаў, у т.л. адну над брамай. Яна была 2-павярховай, мела падвоеныя дубовыя вароты з навясным замком. Унізе ў браме стаяла «шмыгаўніца», 2 бронзавыя палявыя гарматы. На 2-м паверсе мелася пашкоджаная гармата, 6 мушкетаў і 6 бердышаў. Уваход на 2-і паверх быў зроблены з боку замкавага двара. У сувязі з падзеямі Паўн. вайны інвентар 1709 адзначае, што вежы і ізбіцы напалову разбураны. Але ўжо ў інвентары 1723 у замку адзначаецца «брама новабудаваная, на адным баку якой размешчана кардэгардыя з печчу і комінам, а на другім баку турма». Жылыя памяшканні размяшчаліся на 2-м паверсе. У час Крычаўскага паўстання 1744 паўстанцы не змаглі ўзяць штурмам замак, адкуль вёўся па ім агонь з гармат і інш. агнястрэльнай зброі. Пасля гэтых падзей замкавыя ўмацаванні былі яшчэ больш узмоцнены. Паводле інвентара 1747 усе, хто ехаў у замак з горада, траплялі на новы мост. На яго пачатку стаяла будка фельдвахты, меўся шлагбаўм. На сярэдзіне маста быў «узвод» — пад’ёмны мост на 4 жалезных ланцугах і 2 вял. завесах на круках. Далей ішла сістэма з 2 «фортак» — невял. брам, зробленых паміж поручняў. Замкавая брама была з брусу, злева размяшчалася кардэгардыя, справа — турма, верхні паверх займала зала.
Першы захаваны iнвентар Крычава, якi дае звесткі пра забудову замка, датуецца 1673. Замак у гэты час быў заняты жылымi i гаспадарчымi пабудовамi. З правага боку ад увахода на замак стаяў 2-павярховы будынак — дом на «iзбiцах». Яго 1-ы паверх («падiзбiцы») быў заняты стайняй для коней. У будынак вёў ганак, крыты дранiцамi i абшыты «цяснiцамi». Праз двайныя дзверы ўваходзiлi ў сенi, у правы бок вялi дзверы да «iзбы сталова», з яе былі ўваходы ў 2 каморы, праз адну з іх можна было трапіць у іншы пакой, пасля яшчэ ў адзін потым у «iзбу вялiкую». Побач з гэтым вял. будынкам знаходзiўся склеп-пiўнiчка. З левага боку ад 2-павярховага будынка стаяла 2-камерная «iзба белая», якая складалася з сяней i iзбы. У адну лiнiю з гэтым будынкам стаяў другi, якi iнвентар адзначае як «стары, ападлы». Ён, як i 2-павярховы будынак, меў складаную планiроўку. З ганку, крытага дранiцамi, праз дзверы траплялi ў сенi, у правым баку месцiлася «iзба бела», з левага боку знаходзілася яшчэ адна «iзба бела», з якой быў выхад у 2 каморы. За гэтым будынкам стаяў невял. свiранак з засекамi для збожжа. За iм знаходзiўся вял. свiран, у якiм таксама былi засекi для збожжа. Каля свiрнаў стаяла невял. стайня, разлiчаная на 2 коней. Інвентар 1682 адзначае царкву св. Мiколы, размешчаную злева ад увахода ў замак. За ёю называецца зруб на касцёл з круглага дрэва. За ім адзначаецца 2-павярховы будынак, у якім за мiнулыя 10 гадоў зроблена невял. перапланiроўка. Каля гэтага будынка, як i раней, была пiўнiца, а з левага боку ад яе — гаспадарчая пабудова, у якой спалучалiся пякарня, кухня i iстопка. Побач з гаспадарчай пабудовай адзначаецца другая «iзба белая». За гэтым будынкам, «пад парканам», як i раней, iнвентар адзначае стаенку на 2 коней. Упершыню адзначаны на замкавым двару цэйхгаўза, якi быў абмазаны глiнаю. Iнвентар 1694 з левага боку ад уязной брамы адзначае iзбу «для жаўнераў», у якой ёсць «печ гаспадарская» для прыгатавання ежы. Адзначаецца царква св. Мiколы са званiцай, за якой у 2 рады стаялi 7 свiрнаў для захоўвання збожжа, i «шопа», дзе стаялi вазы. За свiрнамi знаходзіўся цэйхгаўз. Iнвентар зафiксаваў наяўнасць на замкавым двары старой, засыпанай зямлёй студнi (яе рэшткi зафiксаваныя пад час археалагiчных даследаванняў 1988 у паўд. частцы Замкавай гары). З правага боку ад уязной брамы размяшчалася турма. Недалёка ад яе iнвентар адзначае «ўраднiцкi» дом, планiроўка якога ў параўнаннi з 1682 не змянiлася. Як i раней, за гэтым домам адзначаецца пiўнiца i старая стаенка для коней, далей — дом «стары з каморай без печы i вакон». За гэтым домам раз-мяшчалася новая 3-камерная кухня, якая складалася з уласна кухнi, iстопкi «белай», дзе была «печ простых кафлоў», i пякарнi, дзе стаяла печ «гаспадарча».
Паўн. вайна 1700—21 нанесла вял. разбурэннi Крычаву i яго замку. Асаблiва горад пацярпеў пад час кампанii 1708—09. Iнвентар 1709 адзначае наяўнасць на замку ў больш-менш добрым стане толькі царквы св. Мiколы са званiцай i турмы. Астатнiя пабудовы — 2 iзбы, спiжаранка, пiўнiца, кухня — стаялi разбураныя, без вокнаў, дзвярэй i печаў. Iнвентар 1720 паказвае, што замак пачаў адраджацца i яго забудова працягвала ранейшыя традыцыi. Адзначаецца наяўнасць на замку царквы, цэйхгаўза, 2 старых будынкаў, якiя патрабавалi аднаўлення. Адначасова тут зафiксаваны новыя будынкi. Згадваецца новая кухня, якая складалася з 2 iзб. У адной з iх была пякарня, дзе стаяла печ для выпечкi хлеба, а ў другой была кафляная печ для абагрэву. Каля абарончага вала пабудавана новая iстопка з кафлянай печчу. На замкавым двары iнвентар адзначае 2 новыя стайнi, вазоўню. У той жа час каля вала — старая стаенка i каморка. Нiчога не змянiлася ў планiроўцы замка праз 3 гады. Перамены фіксуе iнвентар 1727. З правага боку ад уязной брамы стаяў стары 3-камерны будынак, якi складаўся з сяней i 2 iзб з каморамi, размешчаных з абодвух бакоў сяней. Побач стаяў новы вял. 2-павярховы будынак. На 1-ы паверх вялi «всходы надруйнаваныя», але сам ганак быў у добрым стане. Уваход у памяшканне пачынаўся з сяней, у правым баку ад якiх была «iзба добра дужа». З яе можна было трапiць у другi пакой. З першага пакоя ў левы бок вялi яшчэ адны дзверы ў невял. пакойчык, з яго можна было прайсці ў сенi i ў новы пакойчык. У левым баку ад сяней была вял. «iзба сталовая». У гэтай iзбе была невял. камора, «алькоў» — спальня. Справа ад гэтага вял. пакоя размяшчаўся малы «пакоiк», з яго можна было трапiць яшчэ ў адзiн «пакоiк», якi пакуль не быў закончаны. На 2-i паверх вяла з замкавага падворка асобная лесвiца — «всходы», але яны былi ў дрэнным стане — «надруйнаваныя». Па лесвiцы траплялi ў невял. сенi, адтуль у «залу парадную», у якой стаяла вял. печ з зялёнай кафлi i «ўнутраным камiнам». Гэты паверх меў вонкавую галерэю, на якой было 2 «гардэробы» для «захавання рэчаў». Тут жа, на 2-м паверсе, быў i «ламунк» — лямус, памяшканне для захоўвання рэчаў. Каля гэтага будынка размяшчалiся пiўнiца i кухня, якiя складалiся з 2 «iзб». У першай iзбе з каморай стаяла печ «пякарная» — для пячэння хлеба. У другой — ацяпляльная печ, складзеная са старой кафлi. Каля кухнi размяшчалiся 3 спiжарнi. Побач з iмi стаяў вял. амбар для розных тавараў. Пры iм былi меншыя амбары з засекамi для захоўвання збожжа. Гэтыя амбары былi выведзены на вал. Злева ад амбараў стаялi 2 вял. стайнi з каморкамi для сена i розных рэчаў. Пры стайнях былi вазоўнi. Iнвентар адзначае на замкавым падворку новы лямус — 2-павярховае памяшканне з галерэяй для захоўвання збожжа, адзення i інш. рэчаў. Даволi часта 2-i паверх лямуса выкарыстоўваўся як жылы, але ў крычаўскiм, мяркуючы па апiсаннi, не жылi. Акрамя таго, , на замкавым падворку былi 2 свiрны i царква св. Мiкалая.
Дэталёвую карцiну забудовы К.з. дае iнвентар 1747. З левага боку ад уязной брамы стаяў будынак, якi, як i ўсе жылыя пабудовы, пачынаўся з сяней. Дзверы справа вялi ў iзбу, адкуль можна было трапіць у камору. У сенцах была кухня, з левага боку ад якой была ўладкавана спiжаранка. З правага боку ад гэтага будынка знаходзiлася новая «iстопка для афiцэраў» — складское памяшканне з печчу з непалiванай кафлi i цагляным комiнам. З левага боку ад iстопкi стаялi 2 «свiранкi», непадалёк былі 3 невял. стайнi, напалову развалiўшыяся. Далей размяшчалася новая вазоўня, побач з ёю размяшчаўся адрамантаваны «шпiхлер» — цэйхгаўз, якi замыкаўся на 4 замкi. За цэйхгаўзам знаходзiлася кухня, якая мела 3 памяшканнi. У першым, у сенцах, была «кухня», зробленая з дрэва i абсыпаная пяском. Iдучы з сеней у левы бок, траплялi ў «iзбу недаканчоную». З правага боку ад сяней размяшчалася «пякарня», у якой стаяла «печ гаспадарча». У 1747 рэзiдэнцыя губернатара — дзяржаўцы i лентвойта Крычава — была ўжо аднапавярховай. Як i раней, будынак пачынаўся з ганка, якi меў поручнi, быў абшыты дошкамi, меў падлогу з дошак. Iнвентар адзначае ў iм 4 лаўкi. Праз сенi траплялi ў бакавы пакой. Там была камбiнаваная печ — ацяпляльная з непалiванай кафлi, да яе прымыкала гаспадарчая печ. Інвентар адзначае на замкавым падворку новыя свiранак, лядоўню, цэйхгаўз, пабудаваны ў выглядзе васьмiвугольніка, пiўнiцу. Забудова К.з. ў сярэдзiне 18 ст. фактычна паўтарала забудову больш ранняга часу. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) і ўваходжанне ўсх. Беларусі ў склад Рас. імперыі К.з. страціў ваеннае значэнне і прыйшоў у заняпад.
Літаратура:
Мяцельскі А.А. Старадаўні Крычаў: Гістарычна-археалагчны нарыс горада ад старажытных часоў да канца XVIII ст. Мн., 2003.
© Андрэй Мяцельскі, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


