Артыкулы: Мсціслаўскае княства
Мсціслаўскае княства, удзельнае княства сярэдзіны 12—пач. 16 ст.
Цэнтр — г. Мсціслаў. Сфарміравалася як удзельнае княства Смаленскай зямлі на аснове зямель радзімічаў, што ўвайшлі ў склад Смаленскай зямлі ў выніку паходаў 1127 і 1142 на Чарнігаўскую зямлю кн. Расціслава Мсціславіча. У 1180 згадваецца першы мсціслаўскі кн. Мсціслаў Раманавіч.
Пасля ўключэння паўд.-зах. зямель Смаленскай зямлі ў склад ВКЛ (1358) М.к. было скасавана, гэтыя землі кіраваліся велікакняжацкім намеснікам. У канцы 1380-х г. М.к. адноўлена ў складзе ВКЛ і аддадзена ва ўдзел кн. Лугвену, які стаў заснавальнікам новай дынастыі мсціслаўскіх князёў (гл. Мсціслаўскія). У 15 ст. княства складалася з валасцей Мсціслава, Крычава, Мгліна, Дрокава, Паповай Гары, Алучыц, Малахоўскага пуці, Прыкладняў і Салаўянічаў. З
У 1498, пасля шлюбу дачкі апошняга мсціслаўскага князя з роду Лугвена Івана Юр’евіча Ульяны і кн. Міхаіла Іванавіча Жаслаўскага М.к. зноў адноўлена, і Міхаіл Іванавіч стаў родапачынальнікам новага роду князёў Мсціслаўскіх. З гэтага часу М.к. складалася з 2 не злучаных паміж сабою валасцей — Мсціслава і Мгліна. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 тэрыторыя М.к. скарацілася да воласці аднаго Мсціслава, дзе знаходзіліся замкі Мсціслаў і Радамля. Застаючыся памежнай крэпасцю, горад і ў мірны час прыцягваў да сабе ўвагу вял. князя. Так, у 1523 воласць Мсціслава абавязана была выдзеліць 1200 злотых на ўтрыманне ў замку 600 драбаў. М.к. праіснавала да сярэдзіны 1527, калі кн. Міхаіл Іванавіч, застаўшыся без нашчадкаў па мужчынскай лініі, прызнаў за прыёмнага сына каралевіча Жыгімонта Аўгуста, на якога і адпісаў княства. Апошні ж даў яму землі былога княства ў трыманне «да жывата». М.к. было канчаткова скасавана. Маскоўская галіна князёў Мсціслаўскіх праіснавала да 1622, калі памёр апошні яе прадстаўнік па мужчынскай лініі Іван Фёдаравіч. Пасля гэтага тытул князёў мсціслаўскіх у той час, калі Мсціслаў уваходзіў у склад Рус. царства і Рас. імперыі, насілі цар Аляксей Міхайлавіч (1654—72) і прадстаўнікі імператарскага дома Раманавых, пачынаючы з Кацярыны ІІ (1772—1917).
Літаратура:
Wolff J. Kniazowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa. 1895. S. 263—273;
Мятлев Н. К родословию князей Мстиславских // Сб. статей, посвященных Л.М.Савелову. М., 1915;
Раевский П.М. Род царя и царевен и князей Шуйских и угасший род князей Мстиславских и Ижеславских. Париж, 1957;
Krupska А. Udzielne księstwo mścisławskie pod rządami Litwy // Prace historyków Uniwersytetu Śląskiego. Katowice, 1971. T. 2;
Мяцельскі А.А. Фарміраванне і тэрытарыяльнае развіццё Мсціслаўскага княства сярэдзіны ХІІ—пачатку XVI ст. // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. Мн., 2001. № 3.
© Андрэй Мяцельскі, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


