Артыкулы: Папова Гара
Папова Гара (цяпер Красная Гара, горад у Бранскай вобл., Расійская Федэрацыя), горад у ВКЛ, на р. Беседзь.
Упершыню згадваецца сярод кіеўскіх гарадоў у «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 ст.). Археалагічныя помнікі старажытнай П.Г. 14—18 ст. не даследаваны. У пач. 20 ст. у цэнтры горада было гарадзішча, на якім сустракалася кераміка ранняга жалезнага веку. Але да нашых дзён помнік не захаваўся. У наваколлях П.Г. ў канцы 19 ст. праводзіў даследаванні курганных могільнікаў П.М.Яроменка. У 15 ст. П.Г. ўваходзіла ў склад Мсціслаўскага княства, пасля 1483 — Віленскага ваяводства. У 1499 зноў у складзе Мсціслаўскага княства. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 П.Г. захоплена маскоўскім войскам. У памежным разгранічэнні 1523 паведамляецца, што «велики князь московский город Попову Гору взял повета Мстиславского з данми грошовыми и медовыми и со всим, а подымей было пят сот у Поповой Горе, а дани хаживало 60 кадей, а сто рублев грошей широкой личбы». У 1501 вялікі князь літоўскі Аляксандр надаў П.Г. сваёй жонцы Алене Іванаўне, аднак ва ўладанне горадам яна не змагла ўступіць. Згодна з Дэулінскім перамір’ем 1618 П.Г. вернута ВКЛ і ўключана ў склад Смаленскага ваяводства. Заставалася ў ВКЛ да пачатку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, паводле ўмоў Андросаўскага перамір’я 1667 перададзена Расіі.
© Андрэй Мяцельскі, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


