Артыкулы: Святаслаў Iванавiч
Святаслаў Iванавiч (?—29.4.1386), вялiкi князь смаленскi з 1358.
Сын вял. князя смаленскага Iвана Аляксандравiча. Праводзiў палiтыку, накiраваную на захаванне незалежнасцi Смаленскага княства i ўвесь час быў вымушаны лавiраваць памiж Масквой i Вiльняй. Спрабаваў вярнуць захопленыя вял. князем літоўскім Альгердам паволжскiя землi (паход 1358 на Белую), але ў вынiку страцiў Мсцiслаў з Пасожжам (1359) i быў вымушаны падпарадкаваць сваю дзейнасць iнтарэсам ВКЛ. Дружына С.I. ў 1368 i 1370 прымала ўдзел у паходах Альгерда на Маскву. За парушэнне дагавора з Масквой у 1368 С.I. быў адлучаны мiтрапалiтам Алексiем ад царквы, што пацвердзiў у 1370 канстанцiнопальскi патрыярх. У 1375 заключыў саюзны дагавор з Масквой i ўдзельнiчаў у паходзе супраць Цверы. Вынiкам гэтага было спусташэнне Альгердам у 1376 смаленскiх зямель. У пач. 1380-х г. С.I. каардынаваў сваю знешнюю палiтыку з кн. Андрэем Альгердавічам. У 1386 разам з iм пачаў барацьбу супраць Вiльнi i спрабаваў вярнуць захопленыя ВКЛ паўн.-зах. воласцi Смаленскага княства. Пасля няўдалай аблогi Вiцебска i Оршы спрабаваў узяць Мсцiслаў. 29 крас. пад сценамi горада адбылася бiтва з падышоўшым войскам ВКЛ, у якой С.I. быў забiты (гл. Мсцiслаўская бiтва 1386).
Літаратура:
Голубовский П.В. История Смоленской земли до начала XV столетия. Киев, 1895;
Ластовский Г. Смоленск и Великое княжество Литовское в XIII—XVI вв. // Край Смоленский. 1993. № 7/8.
© Андрэй Мяцельскі, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


