Артыкулы: Брахоцкія
Брахоцкія — шляхецкі род герба «Праўдзіц».
Заснавальнікам лічыцца Енджэй Брахоцкі з Брахоціна ў Плоцкай зямлі, удзельнік Грунвальдскай бітвы 1410. Яго далёкія нашчадкі, браты Антоні, Валенты, Рох і Ігнацы перасяліліся з Мазоўша ў ВКЛ неўзабаве пасля паражэння Барскай канфедэрацыі (1768—72) поўнымі банкрутамі. Праз удалыя шлюбы прадстаўнікі роду набылі значныя маёнткі ў Ашмянскім і Новагародскім пав.: Гарадзею, Вераскава, Морына, Гаўю, Ушу і інш. Росквіт роду прыпадае на часы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай: апошнімі выбарнымі маршалкамі шляхты Ашмянскага і Новагародскага пав. да 1863 былі Антоні (1824—85) і Уладзіслаў (1810—96), паўстанцы 1863. Іх стрыечны брат Адам Юзаф (1796—1858) праславіўся як рэфарматар гаспадаркі і селекцыянер; яго дочкі Эмілія і Марыя пачалі ў канцы 1850-х г. прамысловую вытворчасць «літоўскага» сычужнага сыру ў Беларусі і Літве.
© Алесь Белы, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне