Артыкулы: Венгрыя

Венгрыя — дзяржава ў Цэнтральнай Еўропе.

Прарадзімай паўкачавых плямён мадзьяраў, роднасных сучасным ханты і мансі, былі стэпы Перадуралля (прыкладна ў раёне сучаснага Башкортастана), адкуль яны праз Прыазоўе і Прычарнамор’е перасяліліся ў Еўропу, заняўшы ў канцы 9 ст. Сярэдняе Падунаўе. Адтуль здзяйснялі рабаўнічыя набегі на Зах. Еўропу. Разбітыя ў 955 на р. Лех германскім імператарам Атонам І, перайшлі да аселага ладу жыцця, стварылі дзяржаву, якая пры каралю Стафане І Святым у канцы 10 ст.прыняла каталіцтва. В. вяла актыўную заваёўніцкую палітыку ў Цэнтр. Еўропе і на Балканскім п-ве, падначаліла сабе многія славянскія (харватаў, сербаў, славакаў, частку продкаў украінцаў) і ўсх.-раманскія народы, у значнай ступені асіміляваўшы іх. У 1102 падначаліла Харвацкае каралеўства, якое з гэтага часу існавала ў асабістай уніі з В. З 1-й пал. 14 ст. прэтэндавала на тэр. Галiцка-Валынскага княства, часам саджаючы на галіцкі прастол венгерскіх манархаў. Берасцейская зямля разглядалася венгерскімі феадаламі як частка іх законнай спадчыны, і на працягу некалькіх стагоддзяў авалоданне ёю як апошнім рубяжом на ПнУ лічылася адной са стратэгічных мэт венгерскай экспансіі. З 13 ст. В. актыўна падтрымлівала крыжовыя паходы супраць ВКЛ. Менавіта венгерскі кароль Андрэй ІІ запрасіў Нямецкі ордэн ва Усх. Еўропу ў 1211, асадзіўшы іх у раёне плато Бырса (сучасная Румынія) для абароны ад полаўцаў. Праз кароткі час крыжакі былі выгнаныя з В. і пасяліліся ў Прусіі, але і надалей В. працягвала аказваць ім паліт. і ваенную падтрымку. Найб. варожымі адносіны паміж ВКЛ і В. былі ў часы караля Людвіка І Вялікага [134282]. Пасля смерцi апошняга гаспадара Галiцка-Валынскага княства (1340) уся Валынь са сталіцай у Луцку перайшла да Любарта Гедзімінавіча, які прэтэндаваў i на Галiччыну. У 1340—49 галiцкае баярства намiнальна прызнавала гаспадаром то Любарта, то польскага караля Казiмiра III, то Людвiка I. У лют. 1345 Людвік у складзе войска крыжакоў беспаспяхова асаджаў Вiльню, у 1349—51 арганізоўваў сумесныя з Польшчай паходы на Валынь, Падляшша i Берасцейшчыну. Асаблiва няўдалай для ВКЛ была вайна у лiп.—жн. 1351, калi Людвік захапiў у палон Любарта i Кейстута. 15.8.1351 падпiсаны дагавор, паводле якога ВКЛ мусiла заплацiць вял. выкуп і адмовіцца ад прэтэнзiй на Галiччыну. Кейстут і Любарт адправiліся у Венгрыю як гаранты дагавора i для хрышчэння, але здолелі ўцячы. Дагавор вядомы з хронiкi ананiмнага францысканца, удзельнiка выправы (магчыма, Янаша Кецьi); у гэтай жа хроніцы падуладная Любарту Валынь названая «зямлёй белых русінаў» (такая лакалізацыя Белай Русі ўласцівая венгерскім крыніцам 13—16 ст.). У 1352 пры аблозе горада ВКЛ Белз у Зах. Валынi Людвік быў паранены. Пасля заняцця ім польскага трона ў 1370 войны з ВКЛ аднавіліся. У 1377 Белз i Холм разам з Галiччынай часова ўвайшлі ў склад В.; Любарт, падольскiя князi Аляксандр i Барыс Карыятавiчы i ратненскi кн. Фёдар Альгердавiч (якому належаў i Кобрын з акругай) прызналі сюзэрэнiтэт В. Людвік прапанаваў некалькi праектаў хрысцiянiзацыi Лiтвы, інiцыяваў стварэнне Луцкай рымска-каталiцкай епархii ў 1375. Пасля смерцi Людвіка яго дачка Ядвiга абраная польскай каралевай [1384—99]; яе шлюб з вял. князем літоўскім Ягайлам садзейнічаў далучэнню ВКЛ да зах. цывілізацыі і даў пачатак шматвяковаму дзярж. саюзу ВКЛ і Польшчы, форма якога эвалюцыяніравала ад Крэўскай уніі 1385 да Люблінскай уніі 1569. Як і Польшча, у 15—16 ст. ВКЛ адчувала значны ўплыў В., асабліва ў матэрыяльнай культуры (распаўсюджанне венгерскага строю мужчынскай вопраткі, гатунку сліў, высокі прэстыж венгерскага віна, выкарыстанне венгерскага дуката ў якасці рэгiянальнай залатой валюты і г.д.). Першай сумеснай ваеннай акцыяй Польшчы і ВКЛ было выцясненне венгерскіх войск з Галіччыны ў 1387. У выніку ліквідацыі Вітаўтам у 1393 многіх удзельных княстваў, у т.л. на Падоллі, кн. Фёдар Карыятавіч уцёк у В., у 1396—1414 кіраваў некалькімі замкамі ў Закарпацці з цэнтрам у Мукачаве; у 1420 беспаспяхова спрабаваў вярнуць сабе Падолле. У пач. 15 ст. інтарэсы ВКЛ і В. сутыкаліся таксама на Малдаўскім княстве, якое планаваў падначаліць Вітаўт. Пры каралю Жыгімонце Люксембургу В. працягвала падтрымку Нямецкага ордэна, выступіла яго саюзнікам у Вялікай вайне 1409—11 (мірны дагавор Польшчы і ВКЛ з В. заключаны ў 1412 у Любоўлі). Жыгімонт Люксембург даваў прытулак у В. Свідрыгайлу, падтрымліваў яго змаганне супраць цэнтралізатарскай палітыкі Вітаўта. У 1440 венгерскім каралём быў абраны сын Ягайлы Уладзіслаў (польскі кароль з 1434), які загінуў у 1444 у крыжовым паходзе супраць туркаў пад Варнай. Яго смерць выклікала аднаўленне персанальнай уніі ВКЛ і Польшчы пад уладай Казіміра IV Ягелончыка (з 1447). У 1490 венгерскім каралём быў абраны яго сын Уладзіслаў, і на пэўны час (1490—1526) улада над дзяржавамі Цэнтр. і Усх. Еўропы (В. з Харватыяй, Чэхія, Польшча, ВКЛ) засяродзілася ў руках дынастыі Ягелонаў. «Ягелонаўскі свет», ад Адрыятыкі і Чорнага мора да Балтыкі і ад Судэтаў да Акі, звязаны толькі сваяцтвам манархаў, меў толькі сімвалічную паліт. еднасць. Аднароднасць гэтай частцы Еўропы надавала прывілеяванае становішча класа землеўладальнікаў — шляхты. Баланс улады паміж шляхтай і манархіяй у гэтым рэгіёне на працягу амаль усяго 16 ст. заставаўся надзвычай роўным, і менавіта ў В. была выпрацаваная такая мадэль дзярж. ладу. Апошні венгерскі манарх з дынастыі Ягелонаў, Людвік ІІ, загінуў у бітве з туркамі пад Мохачам у 1526, якая зруйнавала магутнасць венгерскай дзяржавы. Яшчэ да гэтага, у вынiку дыпламатычнай мiсii ад Жыгімонта І Старога на чале з М.Радзiвiлам да Феpдынанда I Габсбурга была дасягнута дамоўленасць пра шлюб Феpдынандаз Ганнай Ягелонкай, дачкой Уладзiслава Ягелона (узяты ў 1521), i пра магчымасцi пераходу Чэхii i В. ад Ягелонаў да Габсбургаў (гл. Венскі з’езд 1515). З 1526 у В. ішла барацьба за ўладу паміж 2 каралямі: Фердынандам (літ. паны больш сімпатызавалі яму) і Янашам Запальяі, жанатым на Ізабеле (дачцы Жыгімонта Старога і Боны), які меў больш прыхільнікаў у Польшчы. Пасля захопу Буды туркамі ў 1541 В. на паўтара стагоддзя распалася на 3 часткі: каралеўскую В., на чале з Габсбургамі, цэнтр. частку, што ўвайшла непасрэдна ў склад Асманскай імперыі, і залежнае ад яе Трансільванскае княства, якое падтрымлівала цесныя сувязі з Польшчай і ВКЛ. У 1576 трансільванскі кн. Стафан Баторы абраны польскім каралём і вял. князем літоўскім. Праведзеныя ім дзярж. і ваен. рэформы дазволілі давесці да перамогі Інфлянцкую вайну 1558—82. Венгерскі культ. ўплыў на ВКЛ пры Баторыю дасягнуў найвышэйшага ўзроўню: канчаткова аформіўся нац. шляхецкі кунтушовы строй адзення, венгерская пяхота стала ўзорам для фарміравання пяхотных аддзелаў войска ВКЛ (гл. Гайдукі). К.Бекеш гуртаваў вакол сябе антытрынітарыяў ВКЛ. Значная частка венграў з войска Баторыя засталася ў ВКЛ і ўлілася ў склад бел. і літ. народаў. Трансільванскі князь Дзьёpдзь II Ракацы [1648—60] імкнуўся аднавіць адзіную «Вялікую В.», незалежную ад Габсбургаў і Асманскай імперыі, да якой хацеў далучыць і значную частку Рэчы Паспалітай. У Паўночную вайну 1655—60 ён падтрымліваў шведаў, заключыў саШвецыяй, Бpандэнбуpгска-Пpускiм куpфюpствам і Б.ХмяльнiцкімРадноцкi дагавор 1656. Меpкавалася, што тытул польскага каpаля pазам з Валынню, Падляшшам i Беpасцейшчынай дастанецца Ракацы; Куpляндыя, Вiленскае, Тpоцкае i Iнфлянцкае ваяводствы ВКЛ — Швецыі; усх. Белаpусь — Б.Хмяльнiцкаму, а з Hовагаpодскага ваяв. i некаторых інш. тэрыторый будзе ствоpана незалежнае спадчыннае княства для Б.Радзiвiла. РэалізуючыРадноцкi дагавор, шведска-трансільванска-казацкае войска 23.5.1657 захапіла Берасце, камендантам якога быў пастаўлены палкоўнік А.Гаўдзі, аднак венгерская акупацыя працягвалася ўсяго некалькі месяцаў. Уз’яднанне ўсіх 3 частак В. пад уладай Габсбургаў адбылося ў выніку перамогі польска-аўстра-нямецкага войска над туркамі ў Венскай бітве 1683. Войска ВКЛ удзельнічала ў кампаніі 1683, але найб. вызначылася рабункамі мірнага насельніцтва габсбургскай часткі В. (на тэр. сучаснай Славакіі).

Лiтаратура:

Florianus M. Chronicon Dubnicense // Historiae Hungaricae Fontes Domestici. Vol. 3. Lipsiae, 1884;

Филевич И.П. Борьба Польши и Литвы-Руси за галицко-владимирское наследие. СПб., 1890;

Довнар-Запольский М. Из истории литовско-польской борьбы за Волынь: (Договоры 1366 года) // Университетские известия. Киев, 1896. № 8;

Lewicki A. Kilka przyczynków do dziejów Kazimierza Wielkiego // Kwartalnik historyczny. 1899. R. 3;

Paszkiewicz H. Polityka ruska Kazimierza Wielkiego. Warszawa, 1925;

Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;

Бэтс Р.Р. Канстытуцыйны працэс і палітычная думка ва Усходняй Еўропе // Бел. гіст. агляд. 1999. Сш. 1—2;

Белы А. Невядомыя эпізоды «невядомае вайны», або Ваенныя дзеяньні Швэцыі супраць ВКЛ у 1656—1657 гг. вачыма Эрыка Дальбэрга // Спадчына. 1999. № 3;

Белы А. Хроніка Белай Русі = Chronicon Russiae Albae: Нарыс гісторыі адной геагр. назвы. Мн., 2000.

Белы Алесь. Хроніка Белай Русі: Імагалогія Беларусі ХІІ—XVIII стст. Смаленск: Інбелкульт, 2013. 468 с., іл.

© Алесь Белы, 2005, 2015

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.