Артыкулы: Казімір III Вялiкi

Казімір III Вялiкi (Kazimierz III Wielki; 30.4.1310, Коваль каля Улацлаўка—5.11.1370) — польскi кароль у 1333—1370, апошнi з дынастыi Пястаў па мужчынскай лiнii.

У 1325 яго бацька Уладзiслаў I Лакаток i вял. князь літоўскі Гедзімiн, якiя да гэтага варагавалi, заключылi накiраваны супраць Тэўтонскага ордэна саюз, замацаваны дынастычным шлюбам К. III (насуперак яго жаданню) i дачкi Гедзiмiна Альдоны. Адным з вынiкаў саюзу быў сумесны рэйд польска-лiт. войска ў 1326 на Брандэнбург i Франкфурт-на-Одэры на чале з Давыдам Гарадзенскiм. Прыйшоўшы да ўлады, К. III прадаўжаў лiнiю бацькi на тэр. экспансiю. Скарыстаўшы адсутнасць спадкаемца ў апошняга галiцка-валынскага кн. Юрыя-Баляслава II Трайдзенавiча (памёр у 1340), спрабаваў захапiць Галiччыну i абвясцiць сябе гаспадаром Русi, фармальна звязанай з Польшчай асабiстай унiяй. Гэта выклiкала канфлiкт з ВКЛ. У жн.—лiст. 1349 К. III пры падтрымцы Залатой Арды, Венгрыi i Мазовii захапiў амаль усю тэр. былога Галiцка-Валынскага княства, у т.л. Бярэсце. У 1350 войскi ВКЛ вярнулi Бярэсце i Валынь, нават на кароткi час авалодалi Львовам, але Галiччына засталася ў руках К. III. Пасля перыяду зблiжэння з ВКЛ (1356—66) К. III зноў пачаў барацьбу за Валынь, якая працягвалася i пры яго наступнiку Людвiку І.

Лiтаратура:

Довнар-Запольский М.В. Из истории литовско-польской борьбы за Волынь // Университетские известия. Киев. 1896. № 8;

Kaczmarczyk Z. Polska czasów Kazimierza Wielkiego. Kraków, 1964;

Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев. 1987;

Рудзкi Э. Ганна Альдона, дачка Гедымiна, жонка польскага караля Казiмiра Вялiкага // Спадчына. 1993. № 5.

© Алесь Белы, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.