Артыкулы: крыжовыя паходы

крыжовыя паходы — агульная назва ваенна-палiтычных кампанiй, якiя праводзiлiся еўрапейскімі феадаламi ў 11—15 ст. пад рэлiгійнымі лозунгамi з санкцыi папскага прастола.

У вузкiм сэнсе — серыя такiх паходаў на Блiзкi Усход у 1096—1270. Прынята адрознiваць 8 К.п. Тэалагiчна-прававой асновай паходаў сталi хрысцiянскiя iдэi паломнiцтва i «святой вайны» з «нявернымi». Удзельнiкi К.п. нашывалi на плашчы крыж з чырвонага сукна, таму iх называлi крыжакамi. Ва Усх. Прыбалтыцы папамi толькi ў 1217—65 было абвешчана больш за 100 К.п. З 1147 нямецкія рыцары з бласлаўлення папы пачалi наступ на палабскiх славян, з 1155 шведы — на фiнаў, з апошняй трэцi 12 ст. датчане — на эстаў. У 1186 з пабудовай нямецкім мiсiянерам Мейнардам у Iкескюлi (Нiжняе Падзвiнне) касцёла пачалося хрышчэнне лiваў. Яно суправаджалася захопамi зямель i запрыгоньваннем мясцовага. насельнiцтва, выклiкала сутыкненнi крыжакоў з Герцыке i Кукенойсам — васальнымi княствамi Полацкай зямлi. У 1202 заснаваны Лiвонскi ордэн (гл. ў арт. Інфлянцкі ордэн), якi пасля поўнага разгрому яго лiтоўцамi i земгаламi ў Шаўлінскай бiтве 1236 зліўся з Нямецкім ордэнам. У 1235 да апошняга далучылася большая частка рыцараў Дабжынскага ордэна, а тая частка, што захавала самастойнасць, была разбiта Данiлам Галiцкiм у Дарагiчынскай бiтве 1238. Буйныя бiтвы рус. i лiт. князёў з крыжакамi адбылiся на Чудскiм воз. (1242), каля воз. Дурбе (гл. Бітва на Дурбе 1260), на р. Стрэва (гл. Бітва на Стрэве 1346). Стратэгiчныя планы прыбалтыйскіх крыжакоў прадугледжвалi захоп тэр. сучасных Польшчы, Лтвы, Беларусi, Украiны, Малдовы, паўн.-зах. Расii. З канца 13 ст. да 1410 яны здзейснiлi больш за 140 нападаў на Лiтву i Беларусь (гл. Паходы Нямецкага ордэна на Беларусь). У адказ бел. i лiт. атрады зрабiлi больш за 60 рэйдаў на крыжацкую тэрыторыю. З канца 14 ст. асн. аб’ектам крыжацкай агрэсii стала Жамойць. Нягледзячы на часовыя ўступкi гэтай тэр. ордэну (гл. Салiнскi дагавор 1398, Рацёнжскi дагавор 1404), ВКЛ удалося захаваць Жамойць за сабой (Мельнскi дагавор 1422). ВКЛ i Польшча неаднаразова (1356, 1415, 1454) прапаноўвалi перанесцi дзейнасць крыжакоў у Паўн. Прычарнамор’е з мэтай абароны хрысцiянскага свету ад татараў i туркаў, але гэтыя прапановы адхiлялiся. З хрышчэннем Лiтвы (1387) i Жамойцi (1413) знiклi фармальныя падставы для вядзення К.п. у Прыбалтыцы. Афiцыйна яны спынены 9.9.1403, калi папа Банiфацый IХ забаранiў нямецкаму ордэну нападаць на ВКЛ i Польшчу, але iх фактычным працягам былi Вялiкая вайна 1409—11 i Трынаццацiгадовая вайна 1454—66. Вырашальнай у спыненнi К.п. у Прыбалтыцы была Грунвальдская бiтва 1410. У вынiку К.п. нямецкімі рыцарамi былi заняволены лiвы, эсты, куршы, латгалы, часткова земгалы i селы, знiшчаны або асiмiляваны прусы, яцвягi, палабскiя славяне. Разам з тым К.п. аб’ектыўна спрыялi кансалiдацыi рознаэтнiчнага i разнавернага насельнiцтва Лiтвы i Беларусi ў адзiную дзяржаву — ВКЛ, уключэнню апошняй у арбiту зах.-еўрапейскай цывiлiзацыi, запазычанню ёю некаторых норм i форм грамадскага жыцця. З мэтай супольнай барацьбы супраць крыжакоў Польшча i ВКЛ заключылi Крэўскую унiю 1385, што мела вырашальнае значэнне для гiст. лёсу народаў гэтых дзяржаў.

Лiтаратура:

Pakarklis P. Kryžiuočių valstybes santvarkos bruožai. Kaunas, 1948;

Runciman S. A history of the Crusades. Vol. 1—3. Cambridge. 1951—54;

Lietuvių karas su kryžiuočiais. Vilnius, 1964;

Urban W. The Baltic Crusade. Chicago, 1975;

Шаскольский И.П. Борьба Руси против крестоносной агрессии на берегах Балтики в ХII—ХIII вв. Л., 1978;

Christiansen E. The Northern Crusades: The Baltic and the Catholic Frontier, 1100—1525. London, 1980;

Белы А. Пад крыжом Святога Георгiя // Падарожнiк 1996. № 2;

МатузоваВ.И., НазароваЕ.Л. Крестоносцы и Русь. Конец XII в.—1270 г.: Тексты. Перевод. Комментарий. М., 2002.

© Алесь Белы, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.