Артыкулы: Малдаўскае княства

Малдаўскае княства — феадальная дзяржава ў басейне р. Сiрэт, Прут, Днестр у 1359—1861.

Узнiкла як васал Венгерскага каралеўства, потым па чарзе было васалам то Польшчы, то Венгрыі, з 1513 — Асманскай імперыі. У 1859—61 разам з Валахiяй утварыла Румынскую дзяржаву. У стараж. бел. крынiцах М.к. вядома як Валошчына, Валошскае ваяводства. Ужо пры «первых господарех воевод волоских и князей литовских... они мели межи собою братство и прыятельство и мир». У вынiку разгрому татараў у бiтве каля Сiніх Вод 1363 да М.к. далучаны вял. тэрыторыi да нiзоўя Дуная i Чорнага мора. Пасля спынення 1-й княжацкай дынастыi малдаўскiя баяры запрасiлi да сябе на прастол лiт. кн. Юрыя Карыятавiча (1374), якi ў тым жа годзе быў атручаны. Пасля падпiсаня Крэўскай унii 1385 Ягайла пры падтрымцы Вiтаўта ўстанавiў над М.к. сюзерэнiтэт Польшчы. Пазней М.к. падтрымала барацьбу Вiтаўта супраць унii (у 1391 створаны саюз Вiтаўта, малдаўскага ваяводы Рамана i маскоўскага вял. кн. Васiля I). М.к. выступiла саюзнiкам Вiтаўта ў бiтве на Ворскле 1399. З канца 14 ст. ва ўнутрымалдаўскiя справы актыўна ўмешваўся Свiдрыгайла, якi некалькi разоў знаходзiў там прытулак у час уцёкаў з ВКЛ. Не выключана, што на мяжы 14—15 ст. Малдова пэўны час была васалам ВКЛ. У грамаце малдаўскага гаспадара Аляксандра Добрага 30.6.1401 згаданы «господин наш, великий князь Витовт». Пазней памiж абедзвюма дзяржавамі ўстанавiлiся раўнапраўныя адносiны. Вядомы двухбаковыя дагаворы 1415, 1431 (з удзелам Тэўтонскага ордэна), 1435, 1437, 1442, 1447, 1496, 1499, 1518, 1551, 1554. У 1420—80-я г. ВКЛ неаднаразова аказвала падтрымку М.к. ў барацьбе супраць агрэсii Асманскай iмперыi. Паводле дагавораў ВКЛ нязменна захоўвала з Малдовай мiр (за выключэннем вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялiкiм княствам Лiтоўскiм 1492—94, у якой М.к. выступiла саюзнiкам Масквы), нягледзячы на тое, што Польшча, звязаная унiяй з ВКЛ, ваявала супраць Малдовы (напр., у 1497, 1503—05, 1509, 1531, 1535—38, не лічачы шматлікіх авантур, прадпрынятых на сваю рызыку асобнымі магнатамі). Часта адносiны з М.к. дэманстравалi незалежнасць ВКЛ ад Польшчы. Калi ў 1509, рыхтуючыся да вайны з Малдовай, Жыгiмонт I Стары прапанаваў удзел у ёй ВКЛ, то атрымаў адмову Рады ВКЛ. На сойме 1532 у Вiльнi прадстаўнiкi Жыгiмонта Старога беспаспяхова прасiлi дазволу выкарыстаць супраць Малдовы войскi ВКЛ. У 1551 вальны сойм у Вiльнi згадзiўся «прысегу учинити на вечны мир и покой воеводе волошскому з панством его милости, великим князством Литовским». У той жа час палякі падпісваць мірны дагавор адмовіліся. Аналагічны дагавор (апошні з гэтай серыі) быў заключаны ВКЛ з гаспадаром Аляксандрам IV Лапушняну ў 1554. Дыпламатычныя адносiны з Малдовай падтрымлiвалiся ВКЛ i пасля Люблiнскай унii 1569 (напр., К.Радзiвiлам на мяжы 16—17 ст., Я.Радзiвiлам у сярэдзiне 1640-х г.) і, як правіла, выражалі імкненне «сепаратыстаў» ВКЛ да большай незалежнасці ад Польшчы.

Блiзкасць гiст. лёсаў ВКЛ i М.к. спрыялi iх культ. зблiжэнню. Лiтаратурная слав. мова М.к. (да канца 17 ст. афiцыйная) адчувала моцны ўплыў старабел. мовы. Мiтрапалiт Грыгорый І Цамблак у пач. 15 ст. зрабiў спробу злучыць правасл. цэрквы ВКЛ i М.к. Бел. друкар С.Рагаля быў заснавальнiкам малдаўскага кнiгадрукавання. Дынастычнымi шлюбамi з малдаўскiмi гаспадарамi былi звязаны Алелькавiчы, Гальшанскiя, Радзiвiлы. Палiт. эмiгранты з М.к. знаходзiлi прытулак у ВКЛ. У часткі малдаўскіх баяр да канца 17 ст. была папулярная ідэя дабівацца для М.к. ў выпадку вызвалення ад туркаў статуса, аналагічнага ВКЛ: уваход у склад Рэчы Паспалітай на ўмовах захавання асобных адміністрацыі, дзярж. скарбу, войска і судовай сістэмы.

Лiтаратура:

Книга посольская Метрики Великого княжества Литовского. Т. 1. М., 1843;

Уляницкий В.А. Материалы для истории взаимных отношений России, Польши, Молдавии, Валахии и Турции в ХIV—ХVI вв. М., 1887;

Źródła dziejowe. Т. 10. Warszawa, 1887;

Исторические связи народов СССР и Румынии. Т. 1, М., 1961;

Параска П.Ф. Молдавско-литовские отношения во второй половине ХIV—ХV в. // Проблемы источниковедения истории Молдавии периода феодализма и капитализма. Кишинев, 1983;

Очерки внешнеполитической истории Молдавского княжества (последняя треть ХIV—начало ХIХ в.). Кишинев, 1987;

Bely A. The Battle of the Kozmynskyi Forest: Diplomatic Background // The Ukrainian Review. 1995. Vol. 42. № 1.

© Алесь Белы, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.