Артыкулы: Маскоўскае вялiкае княства

Маскоўскае вялiкае княства — феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе.

Вылучылася з Уладзiмiрскага вял. княства ў 1260-я—пач. 1270-х г. i з канца 13 ст. заняло ў iм дамiнуючае становiшча. На працягу 14 ст. актыўную барацьбу за вял. ўладзiмiрскае княжанне вяло таксама Цвярское княства, у 1350—60-я г. — Суздальскае, але, як правiла, толькi маскоўскiя князi насiлi тытул вял. князя ўладзiмiрскага, на што да 1462 трэба было атрымлiваць ярлык ханаў Залатой Арды. Па iнiцыятыве маскоўскiх князёў у 1300 рэзiдэнцыя агульнарускага мiтрапалiта была перанесена з Кiева ва Уладзiмiр, а ў 1328 — у Маскву. Асновы палiт. i эканам. магутнасцi Масквы закладзены вял. кн. Iванам I Калiтой [1325—41], якi дамогся ў хана права збору татарскай данiны на Русi. Паслядоўная палiтыка Iвана Калiты i яго пераемнiкаў на пашырэнне тэр. М.в.к. шляхам скупкi i захопу зямель, дынастычных шлюбаў i г.д. абумовiла ператварэнне Масквы ў гал. палiт., эканам. i рэлiгійны цэнтр паўн.-ўсх. Русi, асн. асяродак фармiравання велiкарускай народнасцi. Перамога ў Кулiкоўскай бiтве 1380 паклала пачатак вызваленню ад татарскай залежнасцi, якое канчаткова дасягнута ў 1480 Iванам III Васiлевiчам у вынiку «стаянна на Угры». Хуткi рост тэр. М.в.к., паглынанне дробных дзярж. утварэнняў i курс на «збiранне» пад сваёй уладай усiх усх.-слав. зямель выклiкалi яго сутыкненне з ВКЛ. З 1330-х г. абедзве дзяржавы змагалiся за ўплыў над Наўгародскай рэспублiкай, Пскоўскай рэспублiкай i Смаленскiм княствам, у 1335 адбыўся першы ўзброены канфлiкт памiж iмi. Дагавор 1349 памiж вял. князем маскоўскім Сiмяонам Гордым [1340—53] i вял. князем літоўскім Альгердам быў замацаваны серыяй дынастычных шлюбаў. Ноўгарад i Пскоў прызнавалiся падкантрольнымi Маскве. Барацьба Масквы супраць прызнання самастойнай правасл. мiтраполii ВКЛ (1352—63) скончылася яе скасаваннем пасля смерцi лiтоўскага мiтрапалiта Рамана. Падтрымлiваючы саюзнага ВКЛ цвярскога вял. кн. Мiхаiла Аляксандравiча, Альгерд здзейснiў 3 паходы на Маскву (гл. Вайна Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай 1368—1372).

Пасля смерцi Альгерда Масква традыцыйна падтрымлiвала лiтоўскiх князёў, якiя выступалi супраць цэнтр. улады ВКЛ, — Андрэя Альгердавіча (канец 1380-х г.), Вiтаўта (пач. 1390-х г.), Свiдрыгайлу. Вял. князь літоўскі Ягайла аказаў пасiўную падтрымку Ардзе перад Кулiкоўскай бiтвай, але ў 1384 памiж iм i Дзмiтрыем Данскiм заключана мiрнае пагадненне (відаць, накiраванае супраць Арды). Пасля Крэўскай унii 1385 гал. iдэалагічным абгрунтаваннем палiтыкi М.в.к. ў дачыненнi да ВКЛ абвяшчалася «вызваленне» яе правасл. насельнiцтва ад «каталiцкага прыгнёту». Дзейнасць мiтрапалiта Кiпрыяна спрыяла змякчэнню супярэчнасцей памiж М.в.к. i ВКЛ. У 1391 заключаны шлюб маскоўскага вял. кн. Васiля I [1389—1425] з дачкой Вiтаўта Соф’яй Вiтаўтаўнай. У 1398 Масква выступiла супраць спробы Вiтаўта ўсталяваць кантроль над Ноўгарадам, але па вынiках вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1406—1408 прызнала захоп iм Смаленскага княства i зямель да р. Угра. Заключаны вял. кн. літоўскім Казiмiрам IV i вял. князем маскоўскім Васiлём II Цёмным [1425—62] дагавор 1449 фактычна спынiў тэр. экспансiю ВКЛ на ўсход. Казiмiр абавязваўся «не вступися» ў Ноўгарад i Пскоў, нават калi тыя будуць «се... давати» Казiмiру, а таксама не ўдзельнiчаць у магчымых сутыкненнях рускiх феад. рэспублiк з Лiвонскiм ордэнам нават на iх баку. Адносным поспехам Казiмiра была адмова Васiля II ад наўгародскiх валасцей, якiя традыцыйна «цягнулi» да Лiтвы, i прызнанне за разанскiм вял. кн. Iванам Фёдаравiчам права пераходу на службу да Казiмiра. Дагавор 1449 зафiксаваў адмову ВКЛ ад прэтэнзiй на аб’яднанне ўсiх усх.-слав. зямель, што абумовiла страту незалежнасцi ад Масквы Ноўгарада (1471—78) i Цверы (1485) i ўрэшце паражэнне ВКЛ у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялiкiм княствам Лiтоўскiм 1492—94, якое суправаджалася стратай вял. тэрыторый. Моцная Руская цэнтралiзаваная дзяржава, створаная ў вынiку поспехаў Iвана III, якi прыняў тытул «государь всея Руси», пачала адкрыта прэтэндаваць на падуладныя ВКЛ бел. i ўкр. землi, барацьба за якiя шмат у чым вызначыла гiсторыю Усх. Еўропы на працягу 15—18 ст.

Лiтаратура:

Духовные и договорные грамоты великих и удельных князей XIV—XVI вв. М.; Л., 1950;

Греков И.Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы XIV—XVI вв. М., 1963;

Fennell J.L.I. The emergence of Moscow, 1304—1359. Berkeley; Los Angeles, 1968;

Зимин А.А. Витязь на распутье: Феодальная война в России XV в. М., 1991;

Базилевич К.В. Внешняя политика Русского централизованного государства: Вторая половина XV века. [2 изд.] М., 2001.

© Алесь Белы, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.