Артыкулы: Пскоўская рэспубліка

Пскоўская рэспубліка — феадальная дзяржава са сталіцай у Пскове ў басейне рэк Вялікая, Нарва, азёр Чудскага і Пскоўскага ў 2-й пал. 13—пачатку 16 ст.

Да сярэдзіны 13 ст. (юрыдычна да Болатаўскага дагавора 1348) у складзе Наўгародскай рэспублікі. Дзярж. лад падобны на наўгародскі: вышэйшы орган улады — веча, што выбірала пасаднікаў, соцкіх, суддзяў, рэгулявала адносіны феадалаў, пасадскіх людзей, земляробаў, смердаў, абмяжоўвала ўладу князя. Вял. ўплыў на веча мела рада баяр — гаспода. Пскоў быў значным цэнтрам кніжнай культуры, летапісання (гл. Летапісы пскоўскія), выяўленчага мастацтва, архітэктуры. Вылучэнне П.р. са складу Ноўгарада звязана з дзейнасцю выхадца з ВКЛ кн. Даўмонта, які княжыў у Пскове ў 1266—99. Пасля смерці ён быў кананізаваны як святы пад правасл. імем Цімафей і шанаваўся як абаронца Пскова (сімвалам пскоўскай дзяржаўнасці лічыўся меч Даўмонта). Пры Даўмонце і пазней Пскоў неаднаразова ваяваў з Полацкім княствам і ВКЛ, часам выступаў і ў саюзе з імі супраць Лівонскага ордэна. Найб. цесны саюз з ВКЛ існаваў у 1341—49, калі служылым князем у Пскове быў Андрэй Альгердавіч (прадстаўлены сваім намеснікам Юрыем Вітаўтавічам). У 1342 пры абароне П.р. ад крыжакоў загінуў Любка — сын полацкага кн. Воіня. У адрозненне ад Ноўгарада, з пач. 14 ст. Пскоў паслядоўна праводзіў прамаскоўскую і антылівонскую палітыку, лічыў Маскву адзіным надзейным абаронцам ад тэр. прэтэнзій Лівонскага ордэна, Ноўгарада і ВКЛ. Паводле Салінскага дагавора 1398 і Рацёнжскага дагавора 1404 ВКЛ абавязвалася садзейнічаць у далучэнні П.р. да ўладанняў Лівонскага ордэна; у 2-й пал. 1410-х г. рымскія папы Іаан ХХІІІ і Марцін V выдалі некалькі булаў, у якіх прызнавалі Вітаўта і Ягайлу «генеральнымі вікарыямі» Ноўгарада і Пскова. У час войнаў 1406—08 і 1426 Вітаўт беспаспяхова спрабаваў устанавіць уладу над П.р. У бел. летапісах 16 ст. паведамляецца пра намесніцтва ад імя Вітаўта ў Пскове ў 1410—20-х г. кн. Юрыя Носа (гл. ў арт. Нарымунтавічы), але гэта не пацвярджаецца рус. крыніцамі. У 1443 намеснікам маскоўскага вял. кн. Васіля ІІ у Пскове быў выхадзец з ВКЛ кн. Аляксандр Чартарыйскі. У 1456, 1471 і 1478 П.р. актыўна падтрымала захады Масквы па абмежаванні, а потым і скасаванні незалежнасці Ноўгарада, выступіла на баку Масквы ў вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1500—1503. Як буфернае ўтварэнне на мяжы з Лівонскім ордэнам П.р. існавала да 1510, калі яе тэрыторыя была канчаткова далучана да Рускай цэнтралізаванай дзяржавы.

Літаратура:

Псковские летописи. Вып. 1—2. М.; Л., 1941—55;

Масленникова Н.Н. Присоединение Пскова к Русскому централизованному государству. Л., 1955;

Охотникова В.И. Повесть о Довмонте. Л., 1985;

Псковская энциклопедия, 903—2003. Псков, 2003;

Аракчеев В.А. Псковский край в XV—XVII веках: Общество и государство. СПб., 2003;

Яго ж. Средневековый Псков: власть, общество, повседневная жизнь в XV—XVII веках. Псков, 2004;

Валеров А.В. Новгород и Псков: Очерки политической истории Северо-Западной Руси XI—XIV веков. СПб., 2004.

© Алесь Белы, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.