Артыкулы: тудаўляне

тудаўляне — этнаграфічная група ў заходняй частцы былога Ржэўскага павета Цярской губерні.

У вузкім сэнсе — жыхары стараж. валасцей: Стары Туд, Малады Туд і Туд-Скаваратынь паабапал р. Туд, правага прытока Волгі. У шырокім сэнсе назва «Т.» ўжывалася этнографамі 19 ст. для абазначэння ўсяго беларускамоўнага насельніцтва правабярэжжа Верхняй Волгі. У 7—9 ст. гэты рэгіён, вядомы па «Аповесці мінулых гадоў» як Акоўскі лес, быў заселены смаленскімі крывічамі. У 13—14 ст. уваходзіў у склад Таропецкага і Ржэўскага княстваў. З 1-й трэці 14 ст. тут праходзіла мяжа ВКЛ з Маскоўскім і Цвярскім княствамі, былі пабудаваны «гради литовстии: Селук, Осечен, Горышин, Рясна, Сижка, Туд», якія часта пераходзілі з рук у рукі. Т. канчаткова засталіся па-за межамі ВКЛ пасля ўдакладнення межаў паводле Палянаўскага міру 1634, але з прычыны адноснай ізаляванасці краю (лясістасць складала каля ¾ тэрыторыі) доўгі час захоўвалі адметна бел. рысы: мову, абрады («бабіна каша» і інш.), гульні («каралі», «проса»). Адрозніваліся ад суседняга велікарус. насельніцтва і насовамі — верхнім расхінным адзеннем з белага даматканага палатна, адкуль паходзіла іх мянушка «белакафтаншчына». Ужываліся і інш. мянушкі — «польшча», «шаплякі» (паколькі бел. гукі «дз», «ц», мяккі «с» падаваліся велікарус. насельніцтву шапялявымі). У Т. не існавала якой-небудзь саманазвы, хаця яны і ўсведамлялі сваё адрозненне ад уласна рускіх. У 1903 Т. даледаваў Я.Ф.Карскі, які вызначыў іх колькасць у 45 тыс., у 1925—26 яны падрабязна вывучаліся Н.П.Грынковай. У 20 ст. адрозненні Т. ад суседняга рус. насельніцтва практычна сцерліся, хаця асобныя моўныя і інш. рысы, уласцівыя беларусам, адзначаліся ржэўскім краязнаўцам І.Вішняковым яшчэ ў сярэдзіне 1960-х г.

Літаратура:

Квашнин-Самарин Н.Д. Исследование об истории княжеств Ржевского и Фоминского. Тверь, 1887;

Успенский В. Литовские пограничные городки… Тверь, 1892;

Попов В.М. Замечания о северно-смоленских и ржевских говорах // Изв. Отд-ния рус. яз. и словесности. СПб., 1913. Т. 18, кн. 3;

Гринкова Н.П. Говор тудовлян Ржевского уезда // Там жа. 1926. Т. 31;

Белы А. «Краіна вытокаў» // Спадчына. 1993. № 3.

© Алесь Белы, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.