Артыкулы: баніцыя
баніцыя, від пакарання ў Рэчы Паспалітай. Узнікла ў 16 ст. як разнавіднасць інфаміі (была больш мяккай яе формай). Прыгавораны да Б. (баніт) мусіў пакінуць краіну, страчваў грамадзянскія правы (але не гонар), яго можна было беспакарана забіць, аднак яго забойства не аплачвалася, як забойства інфаміса. Гродскі стараста быў абавязаны схапіць баніта і пасадзіць пад варту, але не мог пакараць яго смерцю без спец. дазволу караля, што здаралася рэдка. Вечная Б. абвяшчалася за дзярж. здраду, абразу маястату, цяжкія злачынствы; магла быць скасавана пастановай сойма. Часовая (грамадзянская) Б. абвяшчалася за супраціўленне выкананню суд. прыгавору, маёмасныя злачынствы, нявыплату даўгоў, парушэнне межаў зямельных уладанняў, гвалт. Асуджаны на часовую Б. мог на працягу 12 тыдняў падаць апеляцыю (для гэтага браў у каралеўскай канцылярыі глейт, або жалезны ліст), яе магла задаволіць вышэйшая суд. інстанцыя або кароль. Тэрміны «Б.» і «баніт» у ВКЛ ужываліся з канца 16 ст.; яны не сустракаюцца ў Статутах ВКЛ, дзе ім адпавядаюць тэрміны «вываланне» і «вываланец».
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


