Артыкулы: Чырвоная Русь

Чырвоная Русь —традыцыйная назва некаторых усходне-славянскіх тэрыторый (пераважна Галіччыны і Валыні, а таксама сучаснай Беларусі) у заходне-еўрапейскіх крыніцах 16—19 ст.

Тэрмін «Чырвоная Русь» пачаў ужывацца на Захадзе прыкладна тады ж, калі і «Чорная Русь», і працяглы час канкурыраваў з ім за «права» абазначаць адны і тыя ж тэрыторыі. Беларускі гісторык В.Л.Насевічмяркуе, што «калісьці было адно супрацьпастаўленне (белы—чорны ці белы—чырвоны), якое затым расчапілася на два». Магчыма, упершыню назва «Чырвоная Русь» з’явілася ў «Хроніцы Канстанцкага сабора» Ульрыха Рыхенталя (1420-я г.). Мяркуючы па тым, што да яе быў аднесены Смаленск, менавіта Чырвонай называлі тады тую частку Русі, якая ўваходзіла ў ВКЛ, — задоўга да таго, як яе пачалі трывала называць Белай Руссю. На карце Фра Маўра (1459) побач з Літвой знаходзіцца не Белая, а менавіта Чырвоная Русь. У яе ўваходзілі нібыта і Кіеў, і высунутая далёка на захад, у параўнанні з рэальнасцю, Разань. Паводле Я.Ласкага (1514), чырвоныя русіны «знаходзяцца ў складзе Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага». На глобусе 1535 землі на поўдзень ад Жамойці названыя «Чырвоная Пскоўшчына» (г.зн. Чырвоная Русь). На карце Вопеля 1566 паўночны край Чырвонай Русі дасягае Слуцка і Капыля. Менавіта Чырвоная Русь была першай з «каляровых» назваў, якую на Захадзе свядома ўжывалі і для абазначэння сучаснай Беларусі. Аднак ужо на Айхштэцкай карце 1491 Чырвоная Русь паказана ў традыцыйным пазней значэнні «Галіцка-Валынская Русь». Як і ў выпадку з Белай і Чорнай Руссю, гэты стэрэатып з часам настолькі глыбока пранік у свядомасць гісторыкаў, што яны часта прыпісваюць ужыванне гэтай назвы такім крыніцам, у якіх ён на самай справе не сустракаецца.

Літаратура:

Белы А. Хроніка Белай Русі = Chronicon Russiae Albae: Нарыс гісторыі адной геагр. назвы. Мн., 2000.

Белы Алесь. Хроніка Белай Русі: Імагалогія Беларусі ХІІ—XVIII стст. Смаленск: Інбелкульт, 2013. 468 с., іл.

© Алесь Белы, 2006, 2015

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.