Артыкулы: Масальскі Міхал Юзаф
Масальскі Міхал Юзаф (да 1700—26.1.1768) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Пісар ВКЛ і гарадзенскі судовы стараста з 1726, ваявода мсціслаўскі з 1737, кашталян троцкі з 1742 і віленскі з 1744, польны гетман ВКЛ з 1744, вял. гетман ВКЛ з 1762.
З роду князёў Масальскіх. Адукацыю атрымаў у Віленскай акадэміі. З 1718 пастаянна прымаў удзел у соймах. Выступаў як прыхільнік каралеўскага двора і прыдворнай партыі Чартарыйскіх. У канфлікце паміж Сапегамі і Радзівіламі за «Нойбургскія маёнткі» падтрымаў апошніх і перашкаджаў сапегаўскім саюзнікам Агінскім на гарадзенскім сойміку. У час бескаралеўя пасля смерці Аўгуста ІІ быў адным з кандыдатаў на маршалка канвакацыйнага сойма 1733. Пасля адначасовай адмовы 2 канкурэнтаў, мерацкага старасты А.К.Сапегі (кандыдат Патоцкіх і магнатаў ВКЛ) і лідскага старасты Ю.Сцыпіёна (кандыдат Чартарыйскіх) аднагалосна быў абраны соймавым маршалкам. Садзейнічаў прыхільнікам Станіслава Ляшчынскага ў прыняцці пастановы аб выбары каралём паляка і католіка. Прымаў актыўны ўдзел у канфедэрацыі ў абарону абрання Станіслава Ляшчынскага. Вясной 1735, у адсутнасці рэгіментара ВКЛ А.Пацея, камандаваў войскамі ВКЛ і вывеў іх у Карону Польскую. Знаходзіўся пры Станіславе Ляшчынскім у Караляўцы. У 1736 прызнаў каралём Аўгуста ІІІ. У інтарэсах Сапегаў спрабаваў у час працы камісіі ВКЛ па павелічэнні войска абцяжарыць падаткамі «Нойбургскія маёнткі» Радзівілаў. У 1737—38 хадзілі пагалоскі, што М. ўзначаліць антыкаралеўскую канфедэрацыю, створаную ў інтарэсах Станіслава Ляшчынскага. Працягваў трымаць бок Сапегаў у іх маёмасных канфліктах з Радзівіламі. У 1741, дзякуючы падтрымцы Сапегаў, стаў маршалкам Трыбунала ВКЛ. Перашкодзіў Радзівілам, якія мелі ў Трыбунале большасць прыхільнікаў-суддзяў, разглядаць судовую справу з Сапегамі. У час абвастрэння канфлікту паміж Радзівіламі і Сапегамі ў Трыбунале ВКЛ 1743 зноў заняў бок апошніх. У 1747—48 яго адносіны з Сапегамі астылі і адбылося далейшае збліжэнне з Чартарыйскімі. Прымаў актыўны ўдзел у іх спробах рэфармаваць дзяржаву. Пасля разрыву Чартарыйскіх з каралеўскім дваром застаўся іх саюзнікам. У 1756 кіраваў іх прыхільнікамі супраць Радзівілаў у час рэасумпцыі Трыбунала ВКЛ і дамогся абрання трыбунальскім маршалкам падскарбія ВКЛ Е.Флемінга. У 1762 пачалося ахаладжэнне адносін М. з Чартарыйскімі, выкліканае імкненнем апошніх раздзяліць пасады віленскага ваяводы і вял. гетмана ВКЛ, на якія прэтэндаваў М. пасля смерці М.К.Радзівіла. М. разам са сваімі сынамі спрабаваў адыгрываць самастойную ролю ў барацьбе Чартарыйскіх і Радзівілаў. Пры фінансавай падтрымцы Расіі ў 1763 зноў выступіў з прыхільнікамі Чартарыйскіх у час рэасумпцыі Трыбунала ВКЛ і падпісаў з імі маніфест супраць К.С.Радзівіла. У час бескаралеўя пасля смерці Аўгуста ІІІ прымаў актыўны ўдзел у стварэнні прыхільнікамі Чартарыйскіх Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ і абранні каралём Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Прыняцце каранацыйным соймам 1764 пастановы аб стварэнні Вайсковай камісіі ВКЛ, якая абмяжоўвала правы гетманаў, прывяла да разрыву М. з Чартарыйскімі. Перашкаджаў Станіславу Аўгусту Панятоўскаму арганізаваць пракаралеўскую партыю ў ВКЛ і імкнуўся стварыць моцную групоўку Масальскіх. Яго наступная дзейнасць была накіравана на вяртанне ранейшых правоў гетманам.
Літаратура:
Konopczyński W. Polska przed wojną siedmioletnią // Biblioteka Warszawska. 1907. T. 1
Яго ж. Polska w dobie wojny siedmioletniej. T. 1—2. Warszawa; Kraków, 1909—11
Яго ж. Od Sobieskiego do Kościuszki: Szkice, drobiazgi, fraszki historyczne. Kraków, 1921
Zielińska Z. Walka «Familii» o reforme Rzeczypospolitej, 1743—1752. Warszawa, 1983
Яе ж. Studia z dziejów stosunków polsko-rosyjskich w XVIII wieku. Warszawa, 2001
Czeppe M. Kamaryla pana z Dukli: Kształtowanie się obozu politycznego Jerzego Augusta Mniszcha, 1750—1763. Warszawa, 1998
Palkij H. Praca komisji aukcji wojska w latach 1736—1738 // Kwartalnik historyczny. 1999. Z. l
Яго ж. Sejmy 1736 i 1738 roku: U początków nowej sytuacji politycznej w Rzeczypospolitej. Kraków, 2000
Szklarska E. Kwestia wykluczenia cudzoziemca od tronu na sejmie konwokacyjnym 1733 r. // Między Zachodem a Wschodem. Toruń, 2003. T. 2.
© Андрэй Мацук, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


